Помнік князю Альгерду адкрыюць у Віцебску 27 чэрвеня

Помнік князю Альгерду (каля 1296 -1377) будзе адкрыты ў Віцебску 27 чэрвеня падчас святкавання Дня горада. Першую ў абласным цэнтры конную скульптуру ўсталёўваюць у гістарычнай частцы горада на вуліцы Суворава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Каментуючы ў гутарцы з журналістамі ўстаноўку помніка сярэднявечнаму кіраўніку, загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.Машэрава кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Дулаў падкрэсліў, што Альгерд адыграў лёсавызначальную ролю ў гісторыі Віцебска. "Сын вялікага князя літоўскага Гедзіміна, ажаніўшыся на віцебскай князёўне Марыі, з часам стаў тут князем. Менавіта ён абнёс каменнымі ўмацаваннямі віцебскія замкі, пабудаваў на Верхнім замку каменныя палаты і царкву Святога Духа ў Заручаўі, адрамантаваў і прыбудаваў прытворы да Дабравешчанскага храма XII стагоддзя, які і сёння мы можам бачыць на беразе Дзвіны", - распавёў гісторык.

Кажучы пра турыстычныя аб'екты, звязаныя з імем князя, гісторык са шкадаваннем канстатаваў, што ў Віцебску практычна нічога не захавалася. Адзінае, што засталося з часоў Альгерда, - гэта аўтэнтычныя фундаменты вежы Альгерда, якія можна ўбачыць у выставачнай зале "Духаўскі круглік". Кладка XIV стагоддзя была знойдзена ў аснове нарожнай (вуглавой) вежы Ніжняга замка.

"Альгерд - адна з аб'яднальных асоб нашай гісторыі", - лічыць вучоны. Стаўшы князем віцебскім, Альгерд не навязваў тут літоўскія парадкі, прыняў праваслаўную веру. Акрамя таго, ён адыграў важную ролю ў перыяд узнікнення ВКЛ.

"Гэтая гістарычная постаць сімвалізуе талерантнасць і аб'яднанне розных народаў, - адзначыў гісторык. - Калі казаць пра паходы на Маскву, то яны былі выкліканы палітычнымі ўмовамі таго часу. Другі шлюб Альгерда быў заключаны з цвярской князёўнай Ульянай. А Цвер у той час выступала супернікам Масквы ў аб'яднанні паўночна-усходняй Русі, паміж імі ішла барацьба. Адпаведна ў гэту барацьбу павінен быў уступіць і Альгерд. Пры гэтым ён Маскву не захапіў. У позняй летапіснай традыцыі гаворыцца, што ён прысланіў дзіду да сцен Масквы і дамовіўся з князем Дзмітрыем Іванавічам, у далейшым Дзмітрыем Данскім, вырашаць пытанні мірна", - растлумачыў загадчык кафедры.

У 1862 годзе ў Ноўгарадзе быў устаноўлены помнік "Тысячагоддзя Расіі", на якім прысутнічаюць палітычныя дзеячы не толькі Русі Маскоўскай, але і Русі Літоўскай, у тым ліку Альгерд. Розныя гісторыкі таго часу сыходзіліся ў меркаваннях і ВКЛ трактавалі як літоўска-рускую дзяржаву (рускую ў значэнні ўсходнеславянскае). Вучоныя прызнавалі, што існаваў цэнтр аб'яднання рускіх зямель Вільня, а потым з'яўляецца іншы цэнтр аб'яднання - Масква. "Яны лічылі, што ВКЛ - гэта частка гісторыі Русі. У ВКЛ мы бачым эвалюцыю старажытнарускіх палітычных інстытутаў, права, культуры. Аб'яднаўшыся з літоўцамі, нашы продкі змаглі выстаяць супраць небяспечных ворагаў: крыжакоў з аднаго боку і мангола-татараў з другога. Разам яны стварылі дзяржаву, якая грунтавалася на сапраўдным пабрацімстве і якая стала насамрэч вялікай дзяржавай. Уклад Альгерда ў гэту справу вельмі значны", - сказаў Анатоль Дулаў.

У сваю чаргу намеснік дэкана гістарычнага факультэта ВДУ імя П.Машэрава Дзяніс Юрчак выказаў меркаванне, што нароўні з Альгердам помнікаў у Віцебску заслугоўваюць княгіня Вольга і князь Васілька Святаславіч - сын віцебскага князя Святаслава Усяславіча і брат Ефрасінні Полацкай.

Віцебск як горад узнік на мяжы X-XI стагоддзяў. У межах Полацкай зямлі Віцебск быў другім найбуйнейшым горадам пасля Полацка.

Алена Ціханава