Помнік велікоднаму яйку адкрыюць у Пастаўскім раёне
6 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Помнік велікоднаму яйку адкрыецца 24 красавіка на тэрыторыі фальклорна-міфалагічнага комплексу "Азяркі" ў Пастаўскім раёне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар "Цэнтра турыстычных паслуг" Ягор Шушкевіч.
На пастаменце ўзвысіцца павялічаная да памераў паркавай скульптуры размаляваная бетонная копія традыцыйнага велікоднага сімвала. Агульная вышыня складзе каля 2 м. Аўтарам і выканаўцам праекта з'яўляецца мясцовы мастак. Першымі помнік велікоднаму яйку ўбачаць удзельнікі тура "Велікодныя традыцыі Пастаўскага Паазер'я". На ўнікальным маршруце расказваюць аб асаблівасцях святкавання Васкрэсення Хрыстовага ў краі, дзе побач у міры і згодзе жывуць праваслаўныя і каталікі, дзе цесна перапляліся звычаі захаду і ўсходу.
Яйка спрадвеку лічылася сімвалам Сусвету, жыцця, адраджэння і пладавітасці, невыпадкова хрысціянская традыцыя прыняла яго як галоўны атрыбут самага вялікага свята - Вялікадня. Помнікі велікоднаму яйку ўстаноўлены ў Расіі, у Канадзе, але больш за ўсё іх ва Украіне. У Беларусі да з'яўлення пастаўскага велікоднага яйка падобных помнікаў не было. Праўда, у Салігорску мясцовая птушкафабрыка ўстанавіла скульптуру ў гонар курынага яйка як сімвала прадукту харчавання.-0-