Помнік апошняму полацкаму князю Андрэю Альгердавічу – герою Кулікоўскай бітвы адкрыецца ў Полацку
25 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Помнік апошняму полацкаму князю - герою Кулікоўскай бітвы Андрэю Альгердавічу - урачыста адкрыецца ў дзень святкавання 1147-годдзя Полацка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама Станіслаў Красоўскі.
На думку суразмоўцы, цень знакамітага бацькі, вялікага князя літоўскага Альгерда, да гэтага часу перашкаджае гісторыкам і нашчадкам па вартасці ацаніць заслугі Андрэя Полацкага - вялікага воіна і стратэга. Андрэй Альгердавіч ваяваў супраць Лівонскага ордэна. Аднак славу героя яму прынесла Кулікоўская бітва. Падвиг Андрэя і брата яго Дзмітрыя апеты ў знакамітым літаратурным помніку "Задоншчына". Невядомы сярэднявечны аўтар па праву ўклаў у вусны полацкага князя такія словы: "Брат Дзмітрый, два браты мы з табой, сыны Альгердавы, а ўнукі мы Гедзімінавы, а праўнукі мы Скаламендавы. Збяром, брат, любімых паноў удалай Літвы, храбрых удальцоў, і самі сядзем на сваіх борзых коней і паглядзім на хуткі Дон, нап'емся з яго шлемам вады, выпрабуем мячы свае літоўскія аб шлемы татарскія, а суліцы нямецкія аб кальчугі басурманскія!" Узначальваючы полк правай рукі, Андрэй Альгердавіч стрымліваў націск татар, "...не адною татар напаўшы і многіх збіў...", а калі засадны полк рускіх кінуўся ў атаку, падтрымаў яго пераможны націск. Слаўны воін загінуў 12 жніўня 1399 года ў бітве з татарамі Цімур-Кутлуга на рацэ Ворскла. Яму было 74 гады.
Трохметровы помнік апошняму полацкаму князю будзе ўсталяваны ў старой частцы Полацка, на беразе Заходняй Дзвіны недалёка ад Багаяўленскага сабора. Сродкі на яго ўзвядзенне перададзены гораду адным з полацкіх прадпрымальнікаў. Акрамя помніка мецэнат стварыў экспазіцыю, прысвечаную гісторыі Полацка XIV стагоддзя. Яе адкрыццё таксама плануецца падчас святкавання Дня горада.
Сёлета Полацк аддасць даніну памяці яшчэ двум сваім знакамітым дзецям. У канцы жніўня ў горадзе з'явіцца помнік дойліду Іаану - аўтару Спаса-Праабражэнскага храма Ефрасіннеўскага манастыра, а ў верасні адкрыецца бюст заснавальніку беларускага кіно, савецкаму рэжысёру і сцэнарысту Юрыю Тарычу.
Як распавёў Станіслаў Красоўскі, у горадзе налічваецца каля 20 помнікаў і скульптур, звязаных з гісторыяй і культурай старажытнай беларускай зямлі. Сярод іх суразмоўца назваў помнікі Ефрасінні Полацкай, князю Усяславу Брачыславічу па мянушцы Чарадзей, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму, скульптуры крывічоў - продкаў сучасных беларусаў, пацешны помнік хітраватаму полацкаму купцу, скульптурную кампазіцыю ў гонар беларускай літары "у нескладовае", памятны знак "Геаграфічны Цэнтр Еўропы". Усе яны палюбіліся турыстам і паспелі стаць абавязковым фонам для аматарскіх фотаздымкаў.-0-