Помнік трамваю ў Віцебску раздваіўся

Памятник трамваю в Витебске раздвоился

Помнік трамваю ў Віцебску раздваіўся: сёння ён складаецца ўжо з двух вагонаў - дакладных копій мадэляў пазамінулага стагоддзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Усталяваны на пастаменце перад уваходам у трамвайныя дэпо ў 2013 годзе першы маторны вагон уяўляе сабой мадэль узору 1897 года. Цяпер у зчэпцы з ім паставілі другі вагон - мадэль чырвона-жоўтых тонаў з адкрытым салонам, якая з'явілася ў эксплуатацыі ў Віцебску годам пазней і працягвае гістарычную серыю гарадскога электрычнага транспарту. Дарэчы, гэты прычапны вагон быў летнім.

Па словах начальніка УКТП "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае кіраванне" Васіля Паўлючкова, аднаўленнем старадаўняй мадэлі па чарцяжах займаліся работнікі прадпрыемства, прайшоўшы самастойна ўвесь цыкл - ад эскіза да вырабу. Копія выканана ў тых жа памерах і з тых жа матэрыялаў (напрыклад, сядзенні драўляныя). Нават нумар вагона той жа - 160.

Паралельна са стварэннем копіі старадаўняга вагона работнікі ВТТУ займаліся аднаўленнем трамвайнага вагона 1970-х гадоў вытворчасці Рыжскага вагонабудаўнічага завода. Пасля таго як трамвай цалкам выпрацаваў свой мотарэсурс, яго спісалі, а цяпер адрамантавалі, ператварыўшы ў музейны экспанат. Менавіта гэты трамвай 27 і 28 чэрвеня будзе бясплатна вазіць экскурсійныя групы. Такі падарунак зрабіла ВТТУ роднаму гораду да святкавання 1040-годдзя Віцебска.

У пятніцу, 27 чэрвеня, у 20.30 і ў суботу, 28 чэрвеня, у 12.00 і 15.00 любы ахвотны зможа стаць пасажырам экскурсійнага вагона. Маршрут стартуе ад трамвайнага дэпо, праходзіць па праспекце Фрунзе, вуліцы Смаленская, Маскоўскім праспекце, праз плошчу Перамогі (пры жаданні экскурсантаў і спрыяльных умоў надвор'я магчыма пешая прагулка па Алеі Славы) і мост імя Ф. Блохіна да Прывакзальнай плошчы. Канечны прыпынак - аўтавакзал.

Па тым жа графіку, але па сваім маршруце пройдуць тралейбусныя экскурсіі. Месца пасадкі - прыпыначны пункт "Парк Фрунзе". Далей пасажыры праедуць па гістарычным цэнтры горада ад плошчы Свабоды да плошчы Леніна, зробяць разварот праз вуліцы Камуністычная і Гараўца і вернуцца на вуліцу Леніна. Каля абласной бібліятэкі экскурсію завершыць пешая прагулка па плошчы Перамогі і Алеі Славы.

Па абедзвюх маршрутах экскурсіі будуць весці прафесійныя экскурсаводы. Не выключана, што ў далейшым трамвайна-тралейбусныя падарожжы па Віцебску будуць часткова пераведзены на камерцыйную аснову, дадаў Васіль Паўлючкоў.