Помнік вялікаму гетману літоўскаму Льву Сапегу адкрыюць у Лепелі
7 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Помнік палітыку, дыпламату, стваральніку трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу будзе адкрыты ў Лепелі. Урачыстая цырымонія адбудзецца 11 верасня і дасць старт святочным гулянням у гонар дня нараджэння Лепеля, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Лепельскага райвыканкама Ігар Урбан.
У гістарычных хроніках побач з імем Льва Сапегі гучыць нямала беларускіх геаграфічных назваў. Сярод іх Астроўна (сёння вёска ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці) - мястэчка, дзе ён нарадзіўся; Орша, дзе ён пачынаў сваю дзяржаўную службу; Слонім (Гродзенская вобласць), які атрымаў ад свайго старосты Льва Сапегі герб; Ружаны (Брэсцкая вобласць), дзе вялікім канцлерам ВКЛ была пабудавана рэзідэнцыя.
Знайшлося ў гэтым шэрагу месца і для Лепеля. У 1586 годзе Леў Сапега, у чыю вотчыну ўваходзілі лепельскія землі, вырашыў, што для горада Лепеля больш зручным будзе іншае размяшчэнне. Ён перанёс гандлёвыя рады і касцёлы за тры кіламетры і назваў гэтае месца Новым Лепелем. З таго часу Лепель свайго месцазнаходжання не мяняў, а аб яго першым размяшчэнні нагадвае толькі захаваная назва вёскі Стары Лепель.
Нягледзячы на тое, што Леў Сапега перанёс Лепель, будучы яшчэ падканцлерам Вялікага княства Літоўскага, нашчадкі вырашылі ўвекавечыць яго ў гетманскім адзенні, з булавой і шабляй - атрыбутамі гетманскай улады, якія былі ўручаны яму ў 1625 годзе. Трохметровы бронзавы помнік, які будзе ўпрыгожваць уваход у гарадскі парк, выраблены скульптарам Львом Аганавым. -0-