Помнік воінам-афганцам 9-га аўтабатальёна адкрылі ў Ветрыне Полацкага раёна
У 1986 годзе 9-ы аўтабатальён, які дыслацыраваўся ў ваенным гарадку каля г. п. Ветрына, быў у поўным складзе – а гэта 205 чалавек і 120 аўтамабіляў – накіраваны для выканання службовых задач у Афганістан. На яго баявым рахунку – каля 2 млн км з усіх бакоў прастрэльваемых горных дарог, звыш 34 млн тон перавезеных грузаў, якія забяспечвалі жыццядзейнасць 40-й арміі. За мужнасць і гераізм больш за сто ваеннаслужачых батальёна былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, чатыры – узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі пасмяротна.
Радавы Юрый Грыцкоў загінуў, калі яго машына загарэлася ад траплення гранаты. Перад смерцю паспеў накіраваць палаючы аўтамабіль у прорву, вызваліўшы дарогу калоне, якая рухалася. Гэты ўчынак выратаваў жыццё многім баявым таварышам.
Радавы Яўген Анікеенка гераічна загінуў, вядучы бесперапынны агонь з зенітнай устаноўкі, якая стаяла на аўтамабілі. На працягу бою ён знішчыў больш за 30 душманаў. Яго імем была названа калона 0011, а КамАЗ з яго імем да гэтага часу ў страі і перавозіць грузы, забяспечваючы жыццядзейнасць Узброеных Сіл Беларусі.
Малодшы сяржант Аляксандр Фёдараў загінуў у 40 кіламетрах ад Кабула ад прамога трапляння з гранатамёта ў яго машыну.
Радавы Алег Штэльмах накіраваў пашкоджаную машыну ў прорву, вызваляючы дарогу іншым.
Імёны гэтых хлопцаў цяпер ушанаваны на помніку, устаноўленым каля ветрынскага Дома культуры. У дэталях скульптурнай кампазіцыі, выкананай спецыялістамі АДА «Мастак-сэрвіс», адлюстраваны сімвалы афганскай вайны: бранёвы шчыт, які ўсталёўвалі для абароны рухавікоў аўтамабіляў, абрысы гор, баявы каску, чорныя цюльпаны.
Ініцыятарам узвядзення памятнага знака выступіў савет Полацкай раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане. За дапамогу ў зборы сродкаў і правядзенні работ старшыня арганізацыі Фёдар Еськоў выказаў шчырую падзяку воінам-інтэрнацыяналістам, якія пражываюць на Полаччыне, вайскоўцам Полацкага пагранатрада на чале з яго начальнікам палкоўнікам Паўлам Харчанка, кіраўніцтву Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый, ААТ «Тэхналіт», «Нафтан» і завода «Палімір».
Пашанаваць памяць баявых сяброў на ўрачысты мітынг-рэквіем прыехалі былыя вайскоўцы 9-га батальёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады і дэпутацкага корпуса, ветэраны-«афганцы», вайскоўцы пагранатрада, жыхары пасёлка, навучэнцы і выкладчыкі Полацкага кадэцкага вучылішча, Ветрынскай СШ імя Д.Цябута, Полацкага дзяржаўнага ліцэя сельгасвытворчасці.
– Напярэдадні 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, – сказаў старшыня Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч, – мы аддаём даніну павагі людзям, якія выканалі свой доўг перад Радзімай. Падзвіг воінаў-інтэрнацыяналістаў навечна застанецца ў нашых сэрцах. Ветэраны баявых дзеянняў – гэта жывы прыклад гераізму, грамадзяністасці і патрыятызму для моладзі. Мы глыбока ўдзячныя ім за актыўную пазіцыю і значны ўклад у грамадскае жыццё Полаччыны.
Завяршыўся мітынг ускладаннем кветак і ўрачыстым маршам вайскоўцаў пагранатрада.