Помнікі героям 1812 года пасля Полацка збіраюцца аднавіць у Калужскай і Смаленскай абласцях

18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацкія праекціроўшчыкі распрацоўваюць уніфікаваную праектна-каштарысную дакументацыю для аднаўлення помнікаў героям 1812 года ў Полацку, Малаяраслаўцы (Калужская вобл.) і сяле Краснае (Смаленская вобл.), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама па абаронна-мабілізацыйных пытаннях Станіслаў Красоўскі. Адміністрацыі расійскіх населеных пунктаў выказалі жаданне скарыстацца вопытам палачан і да 200-годдзя перамогі ў вайне 1812 года аднавіць такія ж помнікі. Як растлумачыў Станіслаў Красоўскі, у месцах найбольш значных бітваў з французамі у сярэдзіне XIX стагоддзя было ўстаноўлена сем помнікаў-капліц, у тым ліку ў Полацку, Малаяраслаўцы, сяле Красным, Смаленску і на Барадзінскім полі. У 30-я гады XX стагоддзя амаль усе помнікі-капліцы былі разбураны. Да нашых дзён дайшоў толькі монумент у Смаленску. На аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена больш за 44 млн. расійскіх рублёў. Эскізны праект ужо зацверджаны рэспубліканскім экспертным саветам па манументальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Праца над тэхнічнай дакументацыяй набліжаецца да завяршэння і ў бліжэйшы час у Полацку пачнуць аднаўленчыя работы. Полацкі завод "Тэхналіт" прыступіў да адліўкі чыгунных частак монумента: ніжні ярус і прыступкі ўжо гатовыя. Дэталі з бронзы адліваюцца на Мінскім скульптатурным камбінаце. Як адзначыў Станіслаў Красоўскі, пры працы над эскізам архітэктары і скульптары абапіраліся не толькі на архіўныя матэрыялы і захаваныя фатаграфіі, але і дасканала вывучылі і замерылі захаваны ў першапачатковым выглядзе помнік Героям 1812 года ў Смаленску. Помнік-капліца быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Аўтарам праекта з'яўляўся архітэктар Фіксен. Монумент уяўляў сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам. Вакол яе стаялі восем чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзелі пазалочаныя арлы. Усё гэта стаяла на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка складала 23,7 м, а агульная вага дасягала 221 т. У 1932 годзе помнік Героям 1812 года быў разбураны.-0-