Памятную дошку савецкаму генералу Івану Лісаву адкрылі ў Віцебску
Памятны знак упрыгожыў фасад будынка па вуліцы Кутузава. Раней яна называлася Крывой, тут у маі 1912 года нарадзіўся Іван Лісаў.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўніцтва горада, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, кадэты, вайскоўцы 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, школьнікі. Сярод запрошаных - унук генерал-лейтэнанта Івана Лісава Ігар Ляпуноў. "Для нас гэта падзея вельмі хвалюючая і кранальная. Гэта мара яго дачкі, маёй маці, і ўсіх нашых сваякоў, што тут прызналі і памятаюць дасягненні дзеда і заслугі. Ён быў чалавекам вельмі светлым, энергічным і патрыятычным, хварэў за паветрана-дэсантныя войскі, якім прысвяціў большую частку свайго жыцця. Дзякуючы яму паветрана-дэсантныя войскі набылі блакітны берэт і цельняшку. Пры ім вельмі шмат было выпрабавана тэхнікі і БМД-1 і Іл-76 і іншыя. Да апошняга дня ён марыў наватарствам", - успамінае пра генерал-лейтэнанта Ігар Ляпуноў.
Ён адзначае, што дзед для яго заўсёды быў ідэалам, чалавекам, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну, хацеў жыць і любіў жыццё. "Я сам ішоў па яго слядах, скончыў Разанскую вучэльню, служыў у паветрана-дэсантных войсках, завяршыў службу ў Віцебску ў званні маёра, - распавёў Ігар Ляпуноў. - Сын цяпер служыць, другога сына таксама выхоўваем у духу патрыятызму і любові да радзімы. Армія ж моцна мяняе маладых людзей, яны становяцца больш мужнымі, самастойнымі і разумеюць на самой справе сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці". З рук прадстаўніка грамадскай арганізацыі дэсантнікаў ён прыняў ганаровы знак імя генерала Лісава.
"Апошнія дзесяцігоддзі пра Віцебск сталі казаць як пра горад мастакоў, а насамрэч, калі ўспамінаць знакамітых землякоў, людзей, якія тут жылі, гэта не толькі мастакі, гэта гісторыкі, філосафы, военачальнікі, знакамітыя навукоўцы. Вельмі прыемна, што мы ў апошнія гады адкрываем імёны гэтых людзей, практычна дастаём іх з небыцця. І сёння мы адкрываем дошку генерал-лейтэнанту Івану Лісаву - чалавеку, які стаяў ля вытокаў развіцця паветрана-дэсантных войскаў Савецкага Саюза, развіваў парашутны спорт, шмат зрабіў для выхавання падрастаючага пакалення", - адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Паводле яго слоў, з пачатку года ў Віцебскай вобласці ўсталявалі каля паўсотні мемарыяльных знакаў, якія ўвекавечаць памяць аб выдатных земляках. Праз некалькі дзён у Гарадку адкрыецца мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза Аляксандру Сабалеўскаму, першаму медыку, які атрымаў гэтае высокае званне яшчэ ў мірны час. Таксама днямі СШ №28 Віцебска прысвояць імя Героя Савецкага Саюза Ефрасінні Зяньковай, у спісе ўстаноў адукацыі, якія атрымалі імёны са студзеня 2022 года, школа стане 52-й па ліку. І нягледзячы на тое, што Год гістарычнай памяці завяршаецца, праца па ўвекавечанні імёнаў будзе працягвацца.
Камандзір 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Уладзімір Сафонаў адзначыў, што закладзеныя генералам Лісавым пры выкарыстанні парашутных сістэм метады застаюцца асновай і сёння. "Асаблівасць, якая адрознівае наш род войскаў ад іншых, - выкананне пастаўленых задач з прымяненнем парашутных сістэм. Асабовы склад працягвае ўдасканальваць свае навыкі пры выкананні вучэбных баявых задач. На прыкладзе такіх легендарных людзей, як Іван Лісаў, мы выхоўваем новыя пакаленні, будучыню нашай дзяржавы", - сказаў ён. Камандзір таксама запэўніў, што асабовы склад брыгады гатовы выканаць усе пастаўленыя задачы, абараніць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт сваёй краіны.
Іван Лісаў прыйшоў у паветрана-дэсантныя войскі ў 1930-х. Ён унёс неацэнны ўклад у іх стварэнне, падняў узровень паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі, развіваў і ўкараніў масавы парашутны спорт і спартыўнае арыентаванне ў Савецкім Саюзе. Акрамя таго, Лісаў прапанаваў увесці для дэсантнікаў блакітны берэт, які яны носяць і сёння (раней галаўны ўбор быў малінавага колеру). Ідэю тады падтрымаў камандзір Лісава і паплечнік Васіль Маргелаў.
Іван Лісаў любіў неба і ВДВ. Нават пасля сыходу ў адстаўку ён быў адным з самых актыўных настаўнікаў савецкай моладзі, курыраваў ваенна-патрыятычны рух у Расіі, клапаціўся аб увекавечанні подзвігаў герояў-дэсантнікаў. Памёр генерал-лейтэнант у 1997 годзе.
"БЕЛТА"