Памятныя алеі закладзуць у Віцебскай вобласці ў рамках «Тыдня лесу-2019»

З 13 па 20 красавіка кожны жыхар Віцебскай вобласці зможа далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу – 2019». Для гэтага трэба звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва, дзе валанцёрам выдзеляць пасадачны матэрыял, інвентар і дапамогуць выбраць участак работ.

Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага ДВАЛМ Марыя Міхневіч, падабрана каля 270 участкаў агульнай плошчай 500 га, на іх плануецца высадзіць амаль 2 млн саджанцаў.

Таксама будуць закладзены памятныя алеі ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Напрыклад, у Оршы з'явіцца каштанавая алея, у Паставах – кляновая, у Расонах – ліпавая. Дэндрапарк Лепельскага лясгаса ўпрыгожаць чырвоны дуб, горная сасна, амурскі аксаміт і дэкаратыўныя хмызнякі. Акцыя праходзіць пад дэвізам «Дрэвы саджу – і гэтым ганаруся! Будзе зялёнай мая Беларусь!».

У межах «Тыдня лесу» Віцебскае ДВАЛМ упершыню праводзіць конкурс сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які накіраваны на папулярызацыю беражлівых адносін да лесу, а таксама з'яўляецца адным з элементаў прафарыентацыйнай работы з моладдзю. Пераможцы намінацыі «Самы актыўны клас» атрымаюць права на экскурсію па знакавых мясцінах Віцебшчыны з наведваннем гадавальнікаў і іншых аб'ектаў, а самую актыўную школу ўзнагародзяць інтэрактыўнай дошкай.

"Віцебскія весці". Фота з архіва газеты.