На Шуміліншчыне з'явяцца памятныя знакі ў гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў двух вёсак
26 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Памятныя знакі ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхарах вёсак Барсукі і Давыдзёнкі з'явяцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці да Дня Незалежнасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Шумілінскага райвыканкама.
У чэрвені 1942 года фашысцкія карныя атрады за сувязь з партызанамі расстралялі 11 жыхароў вёскі Давыдзёнкі і спалілі 37 жыхароў вёскі Барсукі, сярод якіх былі жанчыны, старыя і дзеці. У памяць аб гэтых трагедыях 1 ліпеня на месцы былых вёсак адбудзецца ўрачыстае адкрыццё памятных знакаў. У жалобных цырымоніях возьмуць удзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, моладзевых і грамадскіх арганізацый, ветэраны, свяшчэннаслужыцелі.
Усяго за гады вайны нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі, спалілі і замучылі каля 2 тыс. жыхароў Шумілінскага раёна, згналі ў Германію каля 800 чалавек, знішчылі 133 населеныя пункты з 342, што меліся напярэдадні вайны. На розных франтах за вызваленне сваёй Радзімы змагаліся каля 10 тыс. мясцовых жыхароў. У цяперашні час на тэрыторыі раёна пахаваны звыш 7 тыс. савецкіх воінаў, тут пражывае больш за 120 ветэранаў.-0-