Памятны знак ушануе памяць пра спаленых у гады ВАВ жыхароў трох вёсак у Докшыцкім раёне

19 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Памятны знак ушануе памяць аб спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхарах трох вёсак у Докшыцкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-групе УКДБ па Віцебскай вобласці. 20 чэрвеня 1944 года фашысцкі карны атрад зажыва спаліў 56 жыхароў вёсак Талшчы, Верацеі і Чупры, размешчаных недалёка адна ад адной. Сярод загінулых апынуліся і 29 дзяцей. Аднак пакарання за гэтае злачынства не было. У 1986 годзе супрацоўнікамі УКДБ па Віцебскай вобласці былі знойдзены два нямецкіх памагатых, якія прымалі ўдзел у расправе. У гады вайны яны дзейнічалі ў складзе 5-й роты 13-га батальёна СД, спецыяльна сфарміраванага гітлераўцамі для барацьбы з партызанамі і знішчэння мясцовага насельніцтва. Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР здраднікі былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Аб трагічным здарэнні стала вядома з матэрыялаў крымінальнай справы. Напярэдадні святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў упраўленне КДБ выступіла з прапановай ушанаваць памяць жыхароў спаленых вёсак. Адкрыццё памятнага знака адбудзецца 20 чэрвеня, у дзень трагедыі. У цырымоніі адкрыцця мемарыяла возьмуць удзел прадстаўнікі УКДБ, мясцовых улад, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, моладзь і грамадскасць.-0-