Памятны знак вязням канцлагераў адкрылі ў Віцебску
На месцы былога лагера смерці ўстаноўлена стэла, а таксама капліца званоў. Сёння адкрылі і памятны знак. Год пайшоў на рэалізацыю праекта. Выдаткі на выраб і ўстаноўку знака ўзяло на сябе Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. Знак створаны па праекце віцебскага скульптара Сяргея Сотнікава. Ён уяўляе сабой вобразы вязняў, якія стаяць за калючым дротам ля расчыненых дзвярэй лагера. Побач з імі нанесена карта Віцебскай вобласці, на якой пазначаны месцы, дзе дзейнічалі лагеры для ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва, гета і месцы масавага знішчэння яўрэяў, турэм. Пры падрыхтоўцы карты выкарыстоўваліся выключна архіўныя зборнікі розных гадоў, якія пацвярджаюць існаванне лагераў і гета. Над гэтым працаваў кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, ён звязваўся з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў: важна памятаць страшныя ваенныя падзеі, каб тыя часы ніколі не паўтарыліся. Акрамя таго, людзей, якія прайшлі Вялікую Айчынную, з кожным годам становіцца ўсё менш - сёння ў паўночным рэгіёне жыве менш за 500 ветэранаў. "Кожны год 11 красавіка мы прыходзім сюды, дзе спачываюць больш за 80 тыс. савецкіх грамадзян. Гэта палітая крывёю зямля. У Віцебскай вобласці засталося менш за 2,7 тыс. вязняў фашысцкіх канцлагераў, у асноўным гэта тыя, хто быў там у дзіцячыя гады. Адкрыццё сёння памятнага знака - гэта сведчанне нашага мінулага. Важна, каб сённяшняя моладзь ведала і памятала пра трагічныя часы", - сказаў кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёну.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму Фёдар Ціханаў адзначыў, што ў Віцебскай вобласці ў гады вайны было каля 80 казематаў фашыстаў, турмаў і лагераў. Ён і сам дзіцем перажыў жахі Асвенцыма. "Самае страшнае слова - вайна. Яна імкліва ўварвалася ў мірнае жыццё грамадзян Беларусі пасля вераломнага нападу фашысцкай Германіі. Быць сведкамі бесчалавечных трагедый народаў выпала на долю былых вязняў - тых, хто перанёс пекла лагераў, турмаў, гета, рабскай працы. Мы апошнія сведкі тых жахаў, за намі ўжо не застанецца нікога, хто мог бы расказаць пра самую страшную вайну ў гісторыі чалавецтва. Трагедыя ваеннага дзяцінства - гэта наш боль і памяць, трывога і клопат пра будучыню", - дадаў Фёдар Ціханаў. Ён таксама нагадаў, што ў канцлагерах нацысты праводзілі над дзецьмі досведы, а агульная палітыка Трэцяга рэйха вяла да знішчэння і анямечвання славян.
Падчас мітынгу да мемарыяла "5-ы полк" сёння ўсклалі вянкі і кветкі былыя вязні канцлагераў, прадстаўнікі абласной і мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, студэнты і школьнікі. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.







Уладзімір Церанцьеў