Памятны знак ахвярам вайны з'явіцца ў Віцебску каля мемарыяла "5-ы полк"
Ідэя ўсталяваць памятны знак з'явілася некалькі гадоў таму. Ініцыятарам стаў кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёну Уладзімір Цярэнтаў. Рэалізаваць праект фінансава дапамагае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру.
Нядаўна спецыялісты ўзвялі аснову пад будучы комплекс, цяпер ствараецца частка сцяны памятнага знака. Ён будзе вышынёй у 2 м, адліюць кампазіцыю з палімера. Новы аб'ект пры спрыяльным надвор'і плануюць усталяваць да канца года.
Па словах аўтара памятнага знака, скульптара, дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М.Машэрава Сяргея Сотнікава, кампазіцыя будзе ўяўляць сабой адчыненыя браму з калючым дротам. Злева на памятным знаку будуць адлюстраваны розныя людзі: ваеннапалонны, стары-яўрэй, жанчына з дзецьмі, старая і іншыя. Справа - карта Віцебскай вобласці прыкладна са 100 месцамі прымусовага ўтрымання і знішчэння мірнага насельніцтва і ваеннапалонных падчас Вялікай Айчыннай вайны. Перад знакам будзе месца для кветак і вянкоў.

Канцэнтрацыйны лагер 313-й ахоўнай дывізіі знаходзіўся на заходняй ускраіне Віцебска, дзе да вайны размяшчаўся 5-ы чыгуначны полк. Было два канцлагеры: адзін - для ваеннапалонных, які дзейнічаў з пачатку акупацыі Віцебска, другі - для грамадзянскага насельніцтва. Пазней лагер стаў агульным. Тут загінула больш за 80 тыс. ваеннапалонных і мірных жыхароў.
У 1964 годзе за 150 м ад пахаванняў вязняў каля дарогі ўстанавілі абеліск. У 2005 годзе побач размясцілі 15-метровы крыж, праз сем гадоў тут з'явілася праваслаўная капліца.-0-