Панэльныя дамы новага пакалення з'явяцца ў Наваполацку сёлета

Яшчэ ў 2012-м завод буйнапанэльнага домабудавання ААТ «Будаўніча-мантажны трэст №16, г. Наваполацк» асвоіў вытворчасць панэляў мадэрнізаванай серыі 90, і адзін такі шматкватэрны дом з выкарыстаннем новых канструкцый будаўнікі плануюць здаць ужо ў студзені.


Усяго ў 2013-м гораду трэба будзе пабудаваць 47,5 тысячы квадратных метраў жылля. Іншымі словамі, 12 шматкватэрных дамоў, прычым адна палова з іх – з дзяржаўнай падтрымкай, другая – за кошт уласных сродкаў грамадзян. Нафтаград нацэлены на тое, каб узводзіць «вышынкі» менавіта па сучаснай тэхналогіі буйнапанэльнага домабудавання, якая ўкараняецца сёння мясцовымі будаўнікамі. Такое жыллё валодае шэрагам пераваг, у тым ліку палепшанай цеплаправоднасцю і якасцю выканання, у чым не саступае цагляным будынкам, але і пры гэтым застаецца больш бюджэтным варыянтам для насельніцтва.


Варта сказаць, што магутнасці завода пасля яго мадэрнізацыі дазваляюць вырабляць канструкцыі на 100 тысяч метраў квадратных жылля ў год, следствам чаго з'яўляецца неабходнасць выходзіць на новыя рынкі збыту. Пошукам заказчыкаў, у тым ліку ў іншых гарадах і рэгіёнах, зараз ушчыльную і займаецца будтрэст.

«Віцебскі рабочы»