Панно з кветак упрыгожаць Верхнядзвінск перад рэгіянальнымі "Дажынкамі"

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіі рабочага зялёнага будаўніцтва пройдзе сёння ў Верхнядзвінску, паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Спаборніцтвы пройдуць у 5-ы раз і будуць прысвечаны Году малой радзімы. За званне лепшых рабочых прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ па ландшафтным дызайне і добраўпарадкаванні будуць змагацца супрацоўнікі 10 камунальных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Кожная каманда складаецца з 3 чалавек.

"Галоўным выпрабаваннем для конкурсантаў стане стварэнне жывых пано і тэматычных кампазіцый з кветак, дэкаратыўных раслін з выкарыстаннем арыгінальных канструкцый і іншых дызайнерскіх рашэнняў. Удзельнікі такім спосабам унясуць свой уклад ва ўпрыгожванне сталіцы рэгіянальных "Дажынак", - адзначылі ў абласной арганізацыі прафсаюза. - Падобны конкурс, які спалучае практыку і тэорыю, дазволіць рабочым зялёнага будаўніцтва павысіць свой прафесійны ўзровень і абмяняцца ідэямі і вопытам".

Акрамя таго, удзельнікам трэба будзе прадэманстраваць тэарэтычныя веды, адказаўшы на 10 профільных пытанняў па тэхналогіі стварэння кветнікаў, пасадкі кустоў і дрэў. У першай частцы конкурсу ўдзеляць увагу правілам і тэхніцы догляду за насаджэннямі, кветкавымі культурамі і пытанням аховы працы. Пры ацэнцы работ будзе ўлічвацца захаванне тэхналогіі пасадкі кветак, складанасць выканання кветніка, якасць і асартымент расады.

Нямалае значэнне будуць мець яркасць і смеласць рашэнняў, а таксама захаванне патрабаванняў правілаў аховы працы. Прафесійнае журы зверне ўвагу і на тое, як работнікі праявяць вынаходлівасць, каб, на першы погляд, са звычайных матэрыялаў стварыць арыгінальныя работы. Ад абласнога камітэта прафсаюза каманды-пераможцы і ўсе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі.

БЕЛТА.