Паралімпійская чэмпіёнка Святлана Саханенка стала ганаровым грамадзянінам Наваполацка
Святлана Сахоненка нарадзілася ў нафтаградзе, скончыла СШ №7, а затым – Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву.
У гэтай жа кузні спартыўных кадраў каваўся характар і ўраджэнкі Сенна Ірыны Крыўко, якая пазней працягнула навучанне на спартыўна-педагагічным факультэце Полацкага дзяржуніверсітэта.
Таму за алімпійскімі поспехамі землячак навапалачане сачылі з асаблівым хваляваннем і, вядома, не маглі не выказаць ім свайго захаплення, запрасіўшы на цырымонію ўшанавання ў гарвыканкам.
Ад імя ўсіх жыхароў горада чэмпіёнак шчыра павіншаваў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, які ўзначальвае мясцовае аддзяленне Беларускай федэрацыі біятлона.
– Мы ведаем, у якой найцяжэйшай канкурэнтнай барацьбе даставаліся гэтыя медалі, але вашы мэтанакіраванасць, мужнасць, воля да перамогі дазволілі дамагчыся выдатных вынікаў. Вы – наш гонар. Чац вам і хвала! – сказаў Дзмітрый Уладзіміравіч. І падкрэсліў, што алімпійскія перамогі нашых спартсменаў натхняюць нацыю, аб'ядноўваюць і згуртоўваюць жыхароў усёй Беларусі.
Маладому пакаленню, як адзначыў старшыня Наваполацкага гарсавета дэпутатаў Алег Буевіч, нашы біятланісткі падавалі прыклад сапраўднага патрыятызму, паказваюць, якая карпатлівая праца ляжыць у аснове высокіх спартыўных дасягненняў.
Дарэчы, у зале прысутнічалі і будучыя алімпійскія надзеі, сярод іх – навучэнцы Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных стартаў Аляксандр Кошын, Дар'я Кудаева, Карына Ануфрыенка, Святаслаў Зайчанка. Пажадаўшы тытулаваным землячкам новых яркіх перамог, хлопцы заявілі, што ім таксама цалкам пад сілу падарыць роднай краіне ўражлівыя сусветныя рэкорды.
Самай хвалюючай часткай цырымоніі стала ўзнагароджанне вінаватых урачыстасці. Святлана Саханенка была ўдастоена звання “Ганаровы грамадзянін Наваполацка”. Ірына Крыўко атрымала Ганаровую грамату гарадскога Савета дэпутатаў.
Не засталіся па-за ўвагай і мамы спартсменак, якіх прысутныя дзякавалі за годнае выхаванне дачок. Акрамя таго, кветкі і падарункі былі ўручаны трэнерам Наталлі Лешчанка, Васілю Лешчанку, Інезе Казловай, пад кіраўніцтвам якіх чэмпіёнкі пачыналі сваё ўзыходжанне на Алімп.
У адказным слове Ірына Крыўко і Святлана Саханенка прызналіся, што іх перапаўняюць эмоцыі: калі бачыш такі цёплы прыём землякоў, разумееш, што зрабіў нешта важнае ў сваім жыцці. Дзяўчаты выказалі велізарную падзяку ўсім, хто іх падтрымліваў на шляху да алімпійскіх медалёў, а маладым атлетам далі наказ ставіць высокія мэты і настойліва дамагацца іх выканання.
"Віцебскія весці". Фота газет "Віцебскія весці" і "Наваполацк сёння".