Парыж стане аграгарадком
1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Парыж стане аграгарадком. Вёска - цёзка французскай сталіцы ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці - урачыста адзначыць атрыманне новага статусу 25 снежня бягучага года, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі напярэдадні новага года акрамя Парыжа яшчэ 44 населеныя пункты вобласці стануць аграгарадкамi. На іх добраўпарадкаванне выдзелена звыш Br150 млрд. За 10 месяцаў бягучага года ўведзена ў строй больш за 700 аб'ектаў, у тым ліку 182 - вытворчай сферы.
За час рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця вёскі - з 2005 па 2008 год - у Віцебскай вобласці для вяскоўцаў пабудавана амаль 6 тыс. жылых дамоў, выкананы ўсе дзяржаўныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва. Напрыклад, амаль кожны трэці жыхар вёскі ў вобласці мае стацыянарны тэлефон. У раёнах створана 75 амбулаторый агульнай урачэбнай практыкі з абслугоўваннем насельніцтва ў радыусе 10-15 км, з'явілася 30 устаноў культуры новага тыпу, якія аб'ядноўваюць у сабе і клуб, і бібліятэку, і забаўляльны цэнтр. Дадаткова ўведзена больш за 100 міні-крам, праведзена рэканструкцыя звыш 1,2 тыс. гандлёвых аб'ектаў з пераводам на самаабслугоўванне. З пачатку рэалізацыі праграмы на вёсцы створана больш за 400 новых працоўных месцаў.
Цяпер у вобласці 147 аграгарадкоў. Да канца 2010 года іх колькасць дасягне 256.-0-