Парк партызанскай славы і Пост №1 з'явяцца ў Віцебску да Дня Перамогі
25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Парк партызанскай славы імя Міная Шмырэва з'явіцца ў Віцебску, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гонар арганізатара партызанскага руху на Віцебшчыне, Героя Савецкага Саюза, легендарнага Бацькі Міная, як яго называлі байцы, будзе перайменаваны цяпер існуючы парк імя Леніна. Месца гэта выбрана не выпадкова, бо менавіта ў парку знаходзіцца музей, прысвечаны знакамітаму партызану.
Па задуме аўтараў праекта ў парку партызанскай славы будуць устаноўлены бюсты вядомых партызан - абаронцаў Айчыны, з'явяцца партызанскія зямлянкі, каб юныя жыхары вобласці змаглі на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах жылі і змагаліся іх прадзеды.
Адкрыццё абноўленага парку будзе прымеркавана да 9 мая. Напярэдадні святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі ў Віцебску адновіцца Пост №1. Ганаровая варта юных кадэтаў і піянераў будзе стаяць ля абноўленага манумента на плошчы Перамогі.
Напярэдадні свята, па даручэнні губернатара, нароўні з матэрыяльнай дапамогай, якая будзе аказана ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з рэспубліканскага бюджэту, абласны бюджэт таксама выдзеліць сродкі на падарункі ветэранам. На працягу першай паловы красавіка будуць абследаваны жыллёвыя ўмовы ветэранаў і пры неабходнасці праведзены рамонт жылля.
Па дадзеных на 1 сакавіка, у вобласці пражываюць 6724 ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, 668 членаў сем'яў загінулых, 9814 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.-0-