Парк Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі папоўнілі 15 новых машын
А крыху раней былі набыты тры расійскія «газелі», якія замянілі старэнькія УАЗікі на падстанцыях у Суражы і Янавічах Віцебскага раёна.
Такое абнаўленне стала магчымым дзякуючы выдзеленым з абласнога бюджэту сродкам. Кожная машына цалкам укамплектавана абсталяваннем для аказання экстраннай дапамогі. Асаблівы гонар – новы рэанімабіль экспертнага класа. Ён прызначаны для транспарціроўкі цяжкіх пацыентаў, пацярпелых у дарожна-транспартных і іншых здарэннях, а таксама для суправаджэння масавых мерапрыемстваў. Рэанімацыя на колах абсталявана апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, дэфібрылятарам і іншым абсталяваннем для выратавання пацыентаў нават немаўлячага ўзросту.
Новыя «форды» перададзены ў карыстанне брыгадам інтэнсіўнай тэрапіі. Медсястра Алена Алешкоўская (на фота злева) ужо паспела ацаніць перавагі новай тэхнікі. За дваццацігадовы стаж на хуткай ёй давялося паездзіць практычна на ўсіх машынах, у тым ліку і «буханках».
– Вядома, на сучаснай машыне значна зручней працаваць, ды і пацыенту камфортней. Для хворага ёсць спецыяльная каталка, каля яго прадугледжана сядзенне для медыка, вышыня салона дазваляе не згінацца. Усё гэта забяспечвае дадатковыя выгоды для бесперашкоднага, хуткага і якаснага аказання экстраннай дапамогі, – дзеліцца ўражаннямі Алена Алешкоўская.
У адной з ёй камандзе – малады спецыяліст, урач Аляксандр Падзярачаў і фельчар Анастасія Салдаценка. Моладзі практычна адразу пашчасціла працаваць на добрых аўтамабілях.
– У Віцебску больш не карыстаемся УАЗікамі. З часам заменім і восем «газеляў», якія эксплуатуюцца каля сямі гадоў. Цяпер станцыя забяспечана ўсім неабходным, каб аказваць дапамогу жыхарам абласнога цэнтра і прыгарада з выездам на месца надзвычайнага здарэння, ля ложка хворага і ў шляху следавання, – кажа Віктар Гамонаў.
На ўвесь транспарт дадаткова ўстаноўлены GPS–навігатары, дзякуючы чаму дыспетчар сочыць за перамяшчэннем машын і накіроўвае найбліжэйшую па адрасе пацыента, тым самым скарачаюцца час у шляху і затраты на паліва.
Новыя спецмашыны еўрапейскага ўзору задзейнічаны ў абласным цэнтры і прыгарадзе. Аднак, улічваючы тэрытарыяльны прынцып арганізацыі хуткай медыцынскай дапамогі, на які ўвесь рэгіён перайшоў пару гадоў таму, віцебскія спецыялісты выязджаюць па званку, які паступіў з гранічных Бешанковіцкага, Лёзненскага, Гарадоцкага, Сенненскага раёнаў. Не выключаны і больш далёкі выезд, калі віцебская брыгада апынулася бліжэй да пацыента, чым машына мясцовай ЦРБ. Аналагічная узаемавыручка ў нашых медыкаў наладжана і з калегамі з Магілёўскай і Мінскай абласцей.
Віцебская станцыя абслугоўвае ў суткі ў сярэднім 350-400 выклікаў, у перыяд уздыму захворвання колькасць даходзіць да паўтысячы. Больш за 30% складаюць тэрміновыя і экстранныя. Кругласутачна працуюць 34 брыгады. У аўтапарку гарадской станцыі цяпер 41 машына.
Гадавы прабег кожнай хуткай налічвае 60-70 тыс. км.
Інтэнсіўная эксплуатацыя, а тым больш калі яшчэ ўлічыць сельскія дарогі, значна зношвае аўто. Таму абнаўленне парку хуткай дапамогі – тэма заўсёды актуальная. З дапамогай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, пры садзейнічанні мясцовай улады ўдаецца вырашаць гэтыя пытанні. Бо служба кожны дзень працуе ў экстранным рэжыме. Калі справа тычыцца выратавання чалавечага жыцця, лік можа ісці на хвіліны, а то і секунды, і надзвычай важна, каб у распараджэнні медыкаў было ўсё неабходнае.