Паркі, алеі і скверы з'явяцца ў Віцебскай вобласці ў рамках рэспубліканскага праекта БРСМ
28 кастрычніка ў 15 раёнах Віцебскай вобласці ў рамках Рэспубліканскага праекта «Парк сямейных дрэў» пройдзе адзіны дзень па закладцы новых паркаў (алей, сквераў) сямейных дрэў, прымеркаваны да Года народнага адзінства.
Напрыклад, на тэрыторыі сярэдняй школы № 47 імя Е.Ф.Іваноўскага ў Віцебску адбудзецца закладка новай алеі дрэў, у пасадцы якіх прыме ўдзел кіраўніцтва Віцебскай вобласці, адміністрацыя і маладыя спецыялісты Першамайскага раёна г.Віцебска.
Работа ў статусе маладога спецыяліста – важны і адказны этап у жыцці, які хочацца захаваць у памяці. Менавіта таму на тэрыторыі школы з'явіцца «Алея маладых спецыялістаў». Сімвал агульнарэспубліканскага праекта «Роднае-народнае» – чырвона-зялёная стужка – будзе павязана ўдзельнікам мерапрыемства, а таксама прадстаўлена на імянных таблічках, якія змяшчаюць інфармацыю пра маладых спецыялістаў раёна.
У Оршы высадка дрэў адбудзецца ў Парку Герояў. Маладыя сем'і Шаркаўшчынскага раёна пасля адкрытага дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра» высадзяць больш за 30 саджанцаў па вуліцы Вадап'янава.
– Праект накіраваны на фарміраванне ў моладзі традыцыйных сямейных і агульначалавечых каштоўнасцей, духоўнага аблічча маладога пакалення, павагі да традыцый гісторыі і культуры народа, пашырэнне сферы зносін моладзі ў сумеснай дзейнасці, аднаўленне прыроднага балансу і экалогіі ў месцы пражывання праз стварэнне і падтрыманне лясных масіваў, азеляненне населеных пунктаў, развіццё паркавых тэрыторый і ў цэлым стварэнне дадатковай зоны рэкрэацыі з фарміраваннем грамадска карыснай традыцыі – высадкі дрэў, – пракаментаваў першы сакратар Віцебскага ОК ГА «БРСМ» Уладзімір Бабічаў.