Парламентарыі Саюзнай дзяржавы абмеркавалі сумесныя культурныя праекты ў Віцебску
Гаспадары сустрэчы не ўпусцілі магчымасці скарыстацца прысутнасцю дэпутатаў, прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, а таксама профільных міністэрстваў Беларусі і Расіі, каб падняць праблемныя пытанні. Менавіта такі шчыры зацікаўлены тон задаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас размовы з парламентарыямі.
У ходзе пасяджэння абмяркоўваліся тэмы, звязаныя з пашырэннем культурна-інфармацыйнай прасторы дзвюх краін, рэалізацыяй праграм і мерапрыемстваў сацыяльна-культурнай накіраванасці.
Як падкрэсліў намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Аляксандр Сегоднік, на захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычнай памяці перш за ўсё накіраваны праекты Саюзнай дзяржавы.
У прыватнасці, ён падтрымаў ініцыятыву аблвыканкама аб развіцці музея-сядзібы Ільі Рэпіна, чыё імя адносіцца да агульнай культурнай спадчыны.
– Сядзіба мастака пад Віцебскам добра наведваецца, яна карыстаецца вялікай папулярнасцю і ў беларусаў, і ў расіян, – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
«Здраўнёва», якое жывапісец называў «сваёй дзяржавай», Саюзная дзяржава даўно ўзяло пад сваю апеку. Тут праходзяць пленэры для юных мастакоў з Беларусі і Расіі, міжнародныя канферэнцыі.
А нядаўна ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы выйшла ў свет кніга «Сапраўдны сябар рускіх класікаў», у якой апублікаваны лісты і дзённікі Аляксандра Жыркевіча. Гэты рускі літаратар, калекцыянер, грамадскі дзеяч не раз гасціў у сядзібе Ільі Рэпіна.
Парламентарыі таксама змаглі пабываць у «Здраўнёва» і пераканацца ў прыцягальнасці гэтага месца і магчымасці павышэння яго прывабнасці за кошт стварэння сучаснага выставачнага цэнтра, дзе можна было б рэалізоўваць сумесныя беларуска-расійскія праграмы.
Яшчэ адну праблему камісіі Парламенцкага сходу агучыў генеральны дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр Сідарэнка. Яна тычыцца тэхнічнай аснашчанасці Летняга амфітэатра. Усталяванае тут абсталяванне ў разы перавысіла тэрмін эксплуатацыі і мае патрэбу ў замене.
У гэтым плане Віцебск разлічвае на дапамогу з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Аляксандр Сідарэнка звярнуў увагу і на тое, што ў адрозненне ад многіх краін, прадстаўнікі якіх удзельнічаюць у міжнародных песенных конкурсах, Расія не праводзіць адборачныя туры. А з гэтым звязаны і ўзровень расійскіх канкурсантаў, і папулярызацыя агульнага культурнага праекта.
Асобным пытаннем быў вынесены вопыт работы Віцебскай вобласці па развіцці міжрэгіянальных культурных сувязяў і кантактаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў працытаваў вядомага філосафа і культуролага, які некаторы час жыў і ствараў свае працы ў Віцебску, Міхаіла Бахціна, які сказаў: «…зразумела, што жыць лягчэй, спазнаўшы сваю мову, культуру сваёй краіны і іншых народаў. Нам неабходны дыялог культур».
Віцебшчына з'яўляецца прыкладам такога ўзаемаабагачальнага дыялогу. У нас наладжана шматгадовае супрацоўніцтва з многімі расійскімі рэгіёнамі. Нашым адносінам, што вытрымалі выпрабаванне на трываласць часам, на думку Генадзя Ягорава, наканавана паспяхова развівацца ў будучыні, напаўняючыся і абагачаючыся новым зместам.
Дадатковым стымулам для развіцця традыцый і звычаяў, а таксама для праявы ініцыятывы стала абвяшчэнне ў Беларусі 2018-га Годам малой радзімы.
А член камітэта Дзярждумы Расіі па адукацыі і навуцы Сяргей Бажэнаў адзначыў, што расіянам карысна вывучаць вопыт Беларусі па духоўна-маральным выхаванні моладзі.
Аб арганізацыі навучальнага семінара на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Жамчужына» ў Лепельскім раёне гаварыла начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка. У гэтым санаторыі ўжо на працягу многіх гадоў па пуцёўках Саюзнай дзяржавы аздараўляюцца дзеці з раёнаў Беларусі і Расіі, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У ходзе сустрэчы дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі назвалі прыярытэтныя напрамкі і праекты Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры, мастацтва і кінематаграфіі.
Сярод найбуйнейшых – рэканструкцыя Брэсцкай крэпасці, адраджэнне родавай сядзібы вялікага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага ў вёсцы Дастаева Брэсцкай вобласці, стварэнне мемарыяла Савецкаму салдату ў Ржэве Цвярской вобласці.
Традыцыйна будуць выдзелены сродкі на правядзенне «Славянскага базару», фестываляў «Моладзь – за Саюзную дзяржаву», «Творчасць юных», майстар-класы для навучэнцаў мастацкіх устаноў Расіі і Беларусі. Сёлета ў рамках форуму мастацтваў у Віцебску будуць уручаны прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва.
У праграму візіту парламентарыяў уваходзіла наведванне галоўных славутасцяў Віцебска, а таксама ўскладанне кветак да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны – воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.