Партыя тавараў на Br140 млн без дакументаў затрымана ў Дубровенскім раёне

22 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Партыя галантарэйных тавараў і цацак на агульную суму Br140 млн, якія перавозіліся з парушэннем заканадаўства, затрымана супрацоўнікамі Віцебскай мытні ў Дубровенскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аператыўна-пошукавага аддзела мытні Пётр Маркачэўскі. Тавар перавозіўся ў аўтобусе беларускага перавозчыка, які здзяйсняў камерцыйны рэйс з расійскай сталіцы. У ходзе праверкі мытнікі ўстанавілі адсутнасць якіх-небудзь таварасуправаджальных дакументаў на ўвоз партыі спражак для рамянёў у колькасці звыш 6 тыс. адзінак, каля 6 тыс. цацак кітайскай вытворчасці. Па словах кіроўцы, гэты тавар яго папрасілі перавезці невядомыя асобы з Масквы ў Мінск, цяпер устанаўліваюцца адпраўшчыкі і атрымальнікі нелегальнага тавару. Па факце перавозкі тавару без дакументаў распачаты адміністрацыйны працэс па ч.4 арт.12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 50 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня роўная Br35 тыс.) і канфіскацыю тавару.-0-