Партызанскія зямлянкі з'явяцца ў Віцебску да свята горада
23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Алея партызанскай славы з'явіцца ў парку абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова ў Віцебску да Дня горада, які будзе адзначацца 25 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музейнай установы Ірына Шышкова.
Алея выканана ў выглядзе экспазіцыйнай рэкрэацыі пад адкрытым небам, якая узнаўляе партызанскую стаянку часоў Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры алеі ўзведзены чатыры зямлянкі, кожная з якіх мае сваё функцыянальнае прызначэнне - штабная, зброевая, жылая і медыцынская. Пры афармленні збудаванняў выкарыстаны прадметы партызанскага побыту з фондаў установы. Зямлянкі спраектаваны па арыгінальных чарцяжах 1942-1943 гадоў з выдання таго часу "Спадарожнік партызана", якое захоўваецца ў музеі. Дапоўняць экспазіцыю найбольш характэрныя элементы арганізацыі партызанскага лагера, у тым ліку шалаш, кастрышчы, тэлега як найбольш распаўсюджаны від транспарту для дастаўкі параненых да самалётаў для эвакуацыі на вялікую зямлю, а таксама акоп як адзін з відаў абарончых умацаванняў. Тут жа ўстаноўлена чыгуначная платформа ўзору 40-х гадоў мінулага стагоддзя, якая дапаможа экскурсаводам распавядаць пра разгорнутую партызанамі рэйкавую вайну.
У выніку экспазіцыя музея і парка павінны ўяўляць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху. Наведвальнікі змогуць больш поўна адчуць дух часу, такі комплекс дазволіць на больш высокім узроўні паказаць значнасць подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на прыкладзе ўдзелу ў баявых дзеяннях ураджэнцаў Віцебска, падкрэсліла Ірына Шышкова. На ўрачыстае адкрыццё алеі партызанскай славы запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і навучэнская моладзь, для якіх будзе разгорнута тэатралізаванае прадстаўленне.
Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырова (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзяць чатыры экспазіцыйныя залы, прысвечаныя розным этапам жыцця легендарнага партызанскага комбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. У фондах музея захоўваецца каля 9 тыс. прадметаў. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырова працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху. Будынак музея пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў.-0-