Партызанскі рух на Віцебшчыне абмяркуюць навукоўцы Беларусі і Расіі на канферэнцыі ў Віцебску
4 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Партызанскі рух на Віцебшчыне абмяркуюць вучоныя Беларусі і Расіі на канферэнцыі ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва Ірына Шышкова.
Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Партызанскі і падпольны рух на Віцебшчыне ў 1941-1944 гг.", прысвечаная 70-годдзю з дня стварэння Беларускага штаба партызанскага руху, праходзіць 4-5 кастрычніка згодна з рэспубліканскім праектам "Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак 1941-1944 гг.".
Разгледзець актуальныя пытанні па гэтай тэме ў горадзе на Дзвіне збяруцца вучоныя, гісторыкі, работнікі музеяў з розных рэгіёнаў Беларусі і Смаленскай вобласці Расіі. У ходзе канферэнцыі ўдзельнікі абмяркуюць перадумовы развіцця партызанскага і падпольнага руху, арганізацыю матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння партызан і медыцынскай дапамогі ў партызанскіх фарміраваннях, значэнне Суражскіх варот у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Асобны блок пытанняў звязаны з партызанскім побытам, роляй жанчын і дзяцей у антыфашысцкім супраціве.
Канферэнцыя заклікана адкрыць малавядомыя старонкі гісторыі партызанскага руху на Віцебшчыне, падкрэсліць уклад выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырэва, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру, Віцебская абласная арганізацыйная структура Беларускага таварыства "Веды".-0-