Пасажырскі цеплаход сухапутным шляхам сёння прыбыў у порт прыпіскі Віцебск
8 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Пасажырскі цеплаход "Віцебск" сухапутным шляхам сёння прыбыў у порт прыпіскі Віцебск, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў.
Са стапеляў Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода пасажырскі цеплаход "Віцебск" сышоў 6 кастрычніка. На працягу двух дзён 45-тоннае судна везлі па аўтадарогах амаль праз усю краіну. Урачысты спуск на ваду плануецца 9 кастрычніка. Тады ж адбудзецца першы прагулачны рэйс.
Габарытная вышыня цеплахода складае 5,7 м, даўжыня - 25,5 м, шырыня - 5,5 м, асадка - 0,55 м. Цеплаход адносіцца да класа лёгкіх і прызначаны для плавання на малых і дробных рэках. Адначасова на борт судна можа прыняць 50 пасажыраў. Размяшчацца яны будуць на носе і карме. На цеплаходзе будзе працаваць бар.
Пасажырскі цеплаход "Віцебск" - трэці па ліку, выраблены ў Пінску з 2006 года, але першы праекта 95100. -0-