Пасажыры дадуць парады віцебскім чыгуначнікам па якасці паслуг

Пассажиры будут давать советы витебским железнодорожникам по качеству услуг

Сустрэчы з пасажырамі ў фармаце "Адкрыты дыялог" увойдуць у пастаянную практыку работы Беларускай чыгункі. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік пасажырскага аддзела Віцебскага аддзялення БЧ Сяргей Лядзенка, які 21 студзеня прыняў удзел у першым мерапрыемстве такога фармату на вакзале станцыі Віцебск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сустрэчу з пасажырамі ў фармаце "Адкрыты дыялог" праводзім упершыню. Раней проста праводзілі апытанне пасажыраў каля кас: задавалі 50 чалавекам пытанні, якія нас цікавяць. Цяпер мы адкрыты для любога спектру пытанняў", - сказаў Сяргей Лядзенка.

Ён растлумачыў, што чыгуначнікі будуць запрашаць пасажыраў прыняць удзел у адкрытым абмеркаванні праблемных пытанняў рэгулярна, як мінімум раз на месяц.

"Такія акцыі будуць праводзіцца на ўсіх буйных чыгуначных вузлах і ў буйных населеных пунктах. Гэта дапаможа зразумець сутнасць праблем, з якімі сутыкаюцца пасажыры", - дадаў суразмоўца.

Па словах Сяргея Лядзенкі, асабістыя зносіны з пасажырамі значна больш карысныя, чым ускосныя формы работы, такія як кніга прапаноў альбо інтэрнэт. "Як паказала практыка, не ўсе могуць на паперы ці ў інтэрнэце даступна сфармуляваць пытанне, у пісьмовай мове людзі схільныя да цяжкіх фармулёвак і часта адразу без дадатковага высвятлення зразумець, пра што ідзе размова, нялёгка. Да таго ж пры асабістых зносінах пасажыр можа адразу ж атрымаць адказ на хвалюючае яго пытанне", - адзначыў начальнік аддзела.

Каментуючы прапановы і пытанні, якія паступаюць ад пасажыраў, Сяргей Лядзенка падкрэсліў, што грамадзяне часцей за ўсё просяць змяніць расклад руху цягнікоў, улічыўшы зручны для насельніцтва час, і арганізаваць прыпынкі на пэўных станцыях і паўстанках.

У ходзе "Адкрытага дыялогу" 21 студзеня на чыгуначным вакзале ў Віцебску анкетаванне прайшлі каля 20 чалавек. Пасажыры прапанавалі змяніць расклад цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа, арганізаваць бясплатны доступ у інтэрнэт, павялічыць колькасць хуткасных цягнікоў. Нарэканняў да арганізацыі працы пакоя адпачынку, білетных кас, якасці абслугоўвання, даступнасці і паўнаты інфармацыі не выказвалася.

Алена Ціханава