Велікодныя мерапрыемствы ў Віцебскай вобласці працягнуцца да канца красавіка

Пасхальные мероприятия в Витебской области продолжаются до конца апреля
У дзень святкавання Светлай Пасхі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін павіншаваў архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя з вялікім святам і ўручыў уладыку дыплом і медаль «За асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння Віцебскай вобласці».

Праваслаўныя адзначылі адно з самых значных царкоўных святаў – Уваскрасенне Хрыста. У гэты дзень мы пераасэнсоўваем значэнне ахвярнасці Бога і Яго Сына, вучымся радавацца дараванаму нам жыццю. Віншуючы паству з Вялікаднем, архіепіскап Дзімітрый заклікаў жыць з любоўю ў сэрцы і верай у Госпада нашага Ісуса Хрыста, які ўзышоў на крыж дзеля адкуплення граху чалавечага.

Заслужаную ўзнагароду кіраўнік Віцебскай епархіі атрымаў за важкі ўклад у справу адраджэння духоўнай сферы на Віцебшчыне пасля больш чым сямі дзесяцігоддзяў пераследу святароў.

Уладыка выступае за развіццё духоўнай адукацыі дзяцей і моладзі, прыцягненне міран да добрых спраў для дапамогі тым, хто мае патрэбу, а таксама імкнецца адрадзіць або адбудаваць нанова разбураныя храмы.

Велікодныя мерапрыемствы ў благачыннях Віцебскай епархіі будуць праходзіць на працягу красавіка, а некаторыя адбудуцца і ў маі.

Так, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы працягваецца Тыдзень Пасхальнага званэння, а 15 красавіка кульмінацыяй стане свята званэння на ўсіх званіцах епархіі.

Акрамя велікоднага фестывалю ў Чашніках, заслугоўвае ўвагі дабрачынная акцыя для дзяцей-інвалідаў «Насустрач дзіцячым сэрцам». Яна адбудзецца 12 красавіка ў Гарадку. У Ліёзне фестываль «Велікодная вясёлка» збірае гледачоў на святочных канцэртах, выставах, спектаклях і ранішніках да 13 красавіка. 14 красавіка ў Віцебску, Оршы і іншых рэгіёнах за прызы епархіі збяруцца маладыя спартсмены на «Велікодным турніры па міні-футболе».

"Віцебскія весці".