Велікодны фестываль стартаваў у Віцебску
20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Велікодны фестываль стартаваў сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў епархіяльным упраўленні Віцебскай праваслаўнай епархіі.
Фестываль, арганізаваны ў рамках рэспубліканскай праграмы "Сям'я. Адзінства. Айчына", уключае разнастайныя мерапрыемствы. Так, сёння ў культурна-гістарычным комплексе "Дзвіна" абласнога цэнтра члены Саюза майстроў народнай творчасці праводзяць для моладзі і ўсіх жадаючых майстар-клас па роспісе велікодных яек. У бліжэйшыя дні ў горадзе адкрыюцца выставы ікон "Вобраз Хрыста Збавіцеля" і фотаздымкаў "Горад святла". У цэнтры эстэтычнага выхавання "Маладзік" разгорнецца экспазіцыя дзіцячых работ "Божы свет вачыма дзяцей". Канцэрты духоўнай музыкі будуць арганізаваны ў мастацкім музеі і абласной філармоніі.
Выстава-кірмаш работ выхаванцаў нядзельных школ Віцебскай епархіі пройдзе 1 мая ў Свята-Успенскім кафедральным саборы. Тут жа 4 мая разгорнецца экспазіцыя работ народных майстроў горада, а 12-13 мая адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларусь у Айчыннай вайне 1812 года", прысвечаная 200-годдзю перамогі Расіі ў гэтым ваенным канфлікце. Шэраг мерапрыемстваў у рамках Велікоднага фестывалю будуць прымеркаваны да Дзён сям'і, абароны дзяцей, славянскай пісьменнасці і культуры. Завяршаючым акордам фестывалю стане 5 чэрвеня хрэсны ход да Свята-Успенскага кафедральнага сабора.-0-