Патрыярх Кірыл увязе з Полацка абраз святой Еўфрасінні і часціцу яе мошчаў
27 верасня, Полацк /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Ікону святой прападобнай Ефрасінні Полацкай з часціцай яе мошчаў і чоткі падарылі Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу манахіні Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З непрыхаваным хваляваннем і словамі падзякі за наведванне абіцелі настаяцельніца манастыра матушка Еўдакія перадала Патрыярху дар пасля Боскай літургіі ў гонар свята Узвіжанне Крыжа Гасподняга, якую ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме манастыра правёў Уладыка Кірыл.
У сваю чаргу прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы выказаў словы прызначнасці Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, архіепіскапам, манахіням і прыхаджанам за супольную малітву. "Так лёгка маліцца каля грабніцы Святой Ефрасінні, напэўна, таму, што ў сэрцы яе былі любоў, мір, спакой, і нават астанкі выпраменьваюць гэту ласку", - сказаў Кірыл.
Патрыярх пажадаў усім, хто быў з ім на супольнай малітве, звяраць сваё жыццё з жыціем Святой Ефрасінні. Ён падарыў манастыру ікону Казанскай Божай Маці. Усім прыхаджанам, якія прысутнічалі на Боскай Літургіі, у дар ад Патрыярха таксама былі ўручаны іконы Уладзімірскай Божай Маці з патрыяршым благаславеннем. "Каб кожны мог прынесці гэты абразок у дом, і ў нас з вамі ўсталюецца духоўны мост", - заключыў прадстаяцель РПЦ.
Знаходзячыся ў Полацку, Яго Свяцейшасць агледзеў Спаса-Праабражэнскі храм і наведае сабор Святой Сафіі – духоўна-культурную спадчыну найстаражытнейшага беларускага горада.
У другой палове дня Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прыбудзе ў Віцебскую епархію. Як чакаецца, ён наведае мемарыяльны крыж на месцы гібелі ў віцебскім канцлагеры 100 тыс. ахвяр нацызму, дзе ўскладзе кветкі. Затым з удзелам кіраўніка РПЦ адбудзецца малебен у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Увечары Кірыл уск Cкладзе вянок да манумента на плошчы Перамогі ў Віцебску і здзейсніць там ліцію аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Праграма візіту завершыцца 28 верасня сустрэчай Яго Свяцейшага з моладдзю ў Летнім амфітэатры Віцебска. Пасля гэтага Патрыярх адбудзе ў Маскву.-0-