Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прыбыў у Віцебск
27 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прыбыў у Віцебск, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На ўездзе ў горад яго сустракалі сотні гараджан.
Працягваючы свой першасвяціцельскі візіт у Беларусі, прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы наведвае Віцебскую епархію. Свой візіт ён пачаў з ускладання кветак да абеліска памяці ахвяр фашызму.
Абеліск устаноўлены на месцы былога канцлагера "5-ы полк" у 1964 годзе.
У перыяд акупацыі ў Віцебску нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі створаны 5 буйных лагераў смерці. На тэрыторыі былога 5-га чыгуначнага палка (сёння вул. Цітова) лагер смерці ўзнік у 1941 годзе як лагер для ваеннапалонных. Размяшчаўся ён па абодва бакі яра, дзе стаялі некалькі напаўразбураных, непрыдатных для жыцця баракаў, абнесеных калючым дротам. У 1941 годзе тут знаходзілася да 40 тыс. ваеннапалонных. Да 1943 года амаль усе яны былі знішчаны. У сакавіку-красавіку 1943 года гітлераўцы змясцілі ў гэты лагер да 20 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва, пераважна жанчын, старых і дзяцей, а ў лютым-маі 1944-га - амаль усё астатняе насельніцтва горада. Усяго ў лагеры загінула больш за 80 тыс. чалавек (па іншых дадзеных - больш за 100 тыс. чалавек). Гэты лагер смерці адрозніваўся тым, што вязням не прысвойваліся нумары, не было газавых камер і печаў для спальвання целаў. Трупы скідваліся ў ямы-магільнікі. Дзясяткі тысяч людзей былі вывезены адсюль у іншыя канцлагеры і на прымусовыя работы. Вясной 1944 года гітлераўцы правялі "разгрузку" лагера. Каб схаваць свае злачынствы, а таксама для распаўсюджвання сярод насельніцтва і наступаючай Чырвонай Арміі хвароб, тысячы змучаных тыфам і іншымі інфекцыйнымі хваробамі вязняў былі вывезены ў Бешанковіцкі, Чашніцкі і Ушацкі раёны вобласці. Вялікая іх частка загінула.
Усяго ў год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці прыведзены ў парадак і добраўпарадкаваны 1237 воінскіх пахаванняў, помнікаў і мемарыяльных месцаў.-0-