Патрыятычная акцыя «Будзем годнымі подзвігу!» праходзіць у Чашніцкім раёне
4 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Патрыятычная акцыя "Будзем годныя подзвігу!" праходзіць сёння ў Чашніцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Чашніцкага райвыканкама Таццяна Пчолкіна.
Удзельнікамі акцыі сталі ветэраны, школьнікі, актывісты БРСМ, прадстаўнікі працоўных калектываў і мясцовых органаў улады - усяго каля 70 чалавек. Сёння яны наведаюць памятныя мясціны і воінскія пахаванні: мемарыяльны комплекс "Вішнёўкі" ў памяць аб спаленых жыхарах раёна, пахаванне невядомых салдат і партызан каля Навалукомля, брацкую магілу ў вёсцы Чараі. Гэта мясціны, дзе ішлі самыя жорсткія баі за вызваленне раёна, адзначыла суразмоўніца.
Канчатковы пункт маршруту - грамадзянскія могілкі ў вёсцы Забоенье, дзе знаходзіцца магіла партызана-разведчыка Уладзіміра Дзірко. Сёння тут будзе ўстаноўлены памятны знак, хвілінай маўчання ўдзельнікі акцыі разам з насельніцтвам ушануюць памяць загінулага героя.
Акцыя "Будзем годныя подзвігу!" заклікана нагадаць усім жыхарам раёна аб каштоўнасці Перамогі, платай за якую сталі тысячы жыццяў. Толькі за вызваленне Чашніцкага раёна загінула звыш 12 тыс. мясцовых жыхароў і салдат Чырвонай Арміі, больш за дзясятак вёсак былі спалены акупантамі разам з насельніцтвам. Вечным напамінам аб ранах, нанесеных за гады вайны, служаць каля 60 воінскіх пахаванняў і 102 памятныя мясціны.
Напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі ў раёне пройдуць і іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы, дадала Таццяна Пчолкіна. Так, з сённяшняга дня пачаліся віншаванні ветэранаў на даму, 8 мая дасць канцэрт Прэзідэнцкі арккестр, а непасрэдна напярэдадні свята ў раённым цэнтры адбудзецца мітынг-рэквіем "Паданне аб Вялікай Перамозе" з тэатралізаваным прадстаўленнем, народнымі гуляннямі і шматлікімі канцэртамі, арганізаванымі мясцовымі творчымі калектывамі.-0-