Патрыятычная акцыя «Памяць вечная» прайшла на мемарыяльным комплексе «Урочышча Пяскі» у Полацкім раёне
Маштабная патрыятычная акцыя «Памяць вечная» ўпершыню прайшла на мемарыяльным комплексе «Урочышча Пяскі» ў Полацкім раёне.



«Урочышча Пяскі» – масавае пахаванне ахвяр фашызму, размешчанае на левым беразе ракі Полата непадалёк ад Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Паводле архіўных даных, тут спачываюць астанкі ад 40 да 150 тысяч чалавек – ваеннапалонных, падпольшчыкаў, партызан, мірных грамадзян, замучаных і расстраляных у 1941—1944 гадах.
У гады Вялікай Айчыннай вайны побач з урочышчам размяшчаўся нямецкі перасыльны лагер ДУЛАГ-125. Тых, хто трапіў туды ваеннапалонных, падвяргалі жорсткім здзекам: не кармілі, збівалі палкамі і пугамі, прымушалі працаваць па 15-18 гадзін на суткі, а тых, хто не мог, расстрэльвалі.
Штодня ў лагеры ад голаду, катаванняў, хвароб гінула да 200 чалавек. Целы людзей прывозілі на стрэльбішча, закопвалі ў траншэі і засыпалі пяском. Там жа хавалі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера «Громы», удзельнікаў полацкага падполля, захопленых партызан і мірных жыхароў, абвінавачаных у сувязі з партызанамі. Акрамя таго, у гэтым месцы могуць быць пахаваныя італьянскія вайскоўцы, якія павярнулі ў 1942 годзе зброю супраць сваіх ранейшых саюзнікаў — немцаў.
На полі плошчай больш за 3 гектары зямля літаральна ўсеяна чалавечымі косткамі, наскрозь прасякнута слязамі і крывёю. У памяць пра страшную трагедыю тут узводзіцца мемарыяльны комплекс. Старт яго будаўніцтву ў 2010 годзе дала ініцыятыва Полацкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, падтрыманая мясцовымі ўладамі. Асноўную частку фінансавання ўзяў на сябе раённы бюджэт. Спонсарская дапамога і добраахвотныя ахвяраванні неабыякавых грамадзян з розных рэгіёнаў Беларусі і сёння працягваюць паступаць на мэтавы рахунак Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.
На дадзены момант рэалізацыя праекта знаходзіцца на завяршальнай стадыі, ступень гатоўнасці перавышае 80%. Па ўсім перыметры пахавання зроблена агароджа, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, пракладзены электракамунікацыі, устаноўлены асвятляльныя апоры і галоўныя архітэктурныя формы.
У адпаведнасці з задумай аўтараў дызайн-праекта, на тэрыторыі комплексу з'явілася мемарыяльная капліца званочкай. Пабудавана сцяна плачу з імёнамі загінуўшых герояў, дзе адлюстравана сімволіка асноўных рэлігійных канфесій, бо ў «Пясках» пахаваны людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Алея, якая вядзе да сцяны, сімвалізуе скорбны шлях да полацкай галгофы.
2 ліпеня па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага фонду міру на гэтым скорбным месцы сабраліся тысячы жыхароў рэгіёна, каб нізка пакланіцца загінуўшым, сказаць пра тое, што Полаччына памятае пра іх, грамадзянская супольнасць адзіная ў сваім імкненні адстойваць мір на зямлі.
Узнавіць атмасферу ваенных гадоў дапамагла тэатральна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная артыстамі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра «Пілігрым» пад кіраўніцтвам Веры Кісялёвай, дзе прагучалі жахлівыя ўспаміны вязняў канцлагера.
Патрыятычная акцыя згуртавала прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі, прафесійных і моладзевых саюзаў, членаў грамадскіх аб'яднанняў «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Беларускі Чырвоны Крыж, Беларускае таварыства «Веды», Беларускі саюз афіцэраў, клубы гістарычнай рэканструкцыі, усіх неабыякавых грамадзян. Па ўсёй тэрыторыі поля з пахаваннямі, разбітага на 144 участкі, была выстаўлена вахта памяці. Даглядаць за брацкімі магіламі на пастаяннай аснове грамадскія арганізацыі будуць і надалей.
– Радуе, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Таццяна Кордан, – што будаўніцтва мемарыяльнага комплексу агульнымі намаганнямі набліжаецца да завяршэння. Бо нездарма ў народзе кажуць, што вайна па-сапраўднаму скончыцца толькі тады, калі будзе пахаваны апошні загінулы. Аказаць дапамогу ў добраўпарадкаванні гэтага святога для ўсіх палачан месца мы лічым сваім абавязкам.
ЛАрыса МАЛАШЭНЯ, "Віцебскія весці".