За суткі ў Беларусі паводкавыя воды затапілі 24 дамы і 48 падворкаў
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводкавыя воды за мінулыя суткі падтапілі ў Беларусі 24 жылыя дамы і 48 падворкаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў МНС.
"За нядзелю паводкавымі водамі падтоплены 24 прыватныя жылыя дамы і 48 падворкаў. У прыватнасці, адзін жылы дом - у Лепелі, 23 - у Верхнядзвінску і вёсцы Бароўка Верхнядзвінскага раёна. У гэтым жа раёне падтоплены ўчастак дарогі", - растлумачылі ў МНС, дадаўшы, што паводкавая сітуацыя ў цэлым па краіне стабільная.
Усяго ў Беларусі застаюцца падтопленымі паводкавымі і талымі водамі больш за 1,2 тыс. падворкаў і 40 жылых дамоў (з іх 37 у Віцебскай вобласці) у 36 населеных пунктах.
Паводле даных МНС, падтопленняў талымі водамі за мінулыя суткі не зафіксавана. Аднак рана сцвярджаць, што небяспека такога падтоплення ўжо цалкам мінула. Яшчэ ёсць снег на балотах, у лясах. Пры неспрыяльных умовах надвор'я (павышэнні тэмпературы, багатых дажджах) за кошт гэтага снегу яшчэ можа павялічыцца аб'ём вады, адзначылі ў МНС.-0-