П.Барадзін: да Саюза Беларусі і Расіі могуць далучыцца Казахстан, Украіна, а затым Грузія і Арменія

11 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У найбліжэйшы час да Саюза Беларусі і Расіі могуць далучыцца Казахстан, уся Сярэдняя Азія, Украіна, а затым Грузія і Арменія. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебску дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэта законы макраэканомікі", - адзначыў Павел Барадзін. Больш таго, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы выказаў упэўненасць, што постсавецкая прастора будзе адноўлена. Неўзабаве, лічыць ён, будзе адзіная мяжа, адзіная мытня, плацежны сродак, цэнавая палітыка. Павел Барадзін таксама станоўча адзначыў стварэнне Мытнага саюза Беларусі, Расіі, Казахстана. "Гэта сведчыць аб тым, што мы жывём у адной цудоўнай краіне", - лічыць дзяржсакратар.-0-