Педагогі павінны больш інфармаваць школьнікаў па пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя - спецыяліст
16 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Інфармаванне школьнікаў па пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя ва ўстановах адукацыі наладжана на нізкім узроўні. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Віктар Спірыдонаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Адзінаму дню здароўя "Прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам", які пройдзе ў Беларусі 18 лютага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Віктара Спірыдонава, праблема данясення звестак па прафілактыцы інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, па асноўных спосабах абароны свайго здароўя ў школах ёсць. Пра гэта сведчыць статыстыка: больш за 50% хворых на венералагічныя захворванні ў Віцебскай вобласці - ва ўзросце 15-29 гадоў.
Праблему неабходна вырашаць сумеснымі намаганнямі медыкаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі, падкрэсліў Віктар Спірыдонаў. Пры гэтым праводзіць інфармаванне школьнікаў неабходна да перыяду палавога паспявання. "Пасля навучальных мерапрыемстваў са спецыялістамі па рэпрадуктыўным здароўі, у гэтай рабоце павінны ўдзельнічаць педагогі, бо ад іх не патрабуюцца глыбокія веды - толькі данесці ў даступнай форме дзецям асноўныя звесткі аб тым, як захаваць сваё здароўе", - растлумачыў урач.
Віктар Спірыдонаў нагадаў, што з 2000 года ў рэгіёне дзейнічае абласная праграма па ахове рэпрадуктыўнага здароўя моладзі, у межах якой арганізуюцца тэматычныя сустрэчы, лекцыі, круглыя сталы. "Аднак у асноўным у іх задзейнічаны школьны ўрач або медсястра, загружанасць якіх не дазваляе ахапіць гэтай працай усіх вучняў і праводзіць яе на рэгулярнай аснове", - канстатаваў спецыяліст.-0-