Пекар-самавук з Браслава цешыць жыхароў райцэнтра і гасцей з Латвіі свежай хатняй выпечкай

Хлебамобіль – так назвалі ў народзе ровар Уладзіміра Свірыдзенкі, абсталяваны для дастаўкі смачнага і гарачага хлеба, – на цэнтральнай вуліцы мястэчка браслаўчане чакаюць з вялікім нецярпеннем.

Па прафесіі Уладзімір – сталяр, доўгі час працаваў па спецыяльнасці і зусім не збіраўся асвойваць пякарскую справу. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: аднойчы зламаў нагу, і накладзены гіпс унёс значныя змены ў звыклы актыўны лад жыцця.

Каб не сядзець без справы, стаў дапамагаць па доме. Адкрыўшы на кухні хлебапякарню, вырашыў пацешыць хатніх свежай выпечкай. Затым адважыўся на эксперымент: спячы хлеб у духоўцы, думаў, што з першага разу ўсё атрымаецца. Але не тут-то было – амаль усю партыю аказалася бракаванай, і па смаку, і па знешнім выглядзе выпечка няясна нагадвала тое, што мы прывыклі купляць у краме. Бракаваныя хлебцы даводзілася згадоўваць сабаку і іншым хатнім жывёлам. Увогуле, на асваенне ўсіх асноў сышоў не адзін год.

Калі Уладзімір даведаўся аб указе Прэзідэнта № 337 аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб (па ім выпечка і яе продаж адной і той жа асобай не адносіцца да прадпрымальніцтва), вырашыў адкрыць сваю справу. Набыў за 1800 рублёў спецыяльную печ — і пачаў выпякаць хлеб і здобу прафесійна, прычым шэсць дзён на тыдзень. Адпачывае толькі па панядзелках.

Цяпер жыхары райцэнтра ўжо па паху, які вітае на цэнтральнай вуліцы, ведаюць, што сёння акрамя свежых боханаў хлеба прывёз ім Валодзя: булачкі з карыцай, згушчонкай або батон з разынкамі. Каб парадаваць менавіта гарачай выпечкай, пекару даводзіцца працаваць усю ноч, для гэтых мэт ён абсталяваў у сваім доме памяшканне.

— Цеста замешваю з вечара, – распавядае Уладзімір. – А выпякаць завяршаю ўночы, бо ўжо а 12-й дня пачынаю развозіць і прадаваць хлеб. Мабыць, недасыпанне – гэта самае складанае ў маёй працы, усё астатняе мне вельмі падабаецца. Па інтэрнэце знайшоў прафесійных пекараў і пекараў-аматараў, яны падзяліліся са мной некаторымі рэцэптамі і тэхналогіямі. Спачатку многія знаёмыя адгаворвалі мяне, маўляў, не мужчынская гэта зусім справа. Ведалі б яны, што ў еўрапейскіх пякарнях працуюць у асноўным прадстаўнікі моцнага полу! І толькі бацька верыў у мяне, падбадзёрваў, як мог.

Дзень, калі ўпершыню прывёз хлеб уласнага вырабу на продаж, Уладзімір памятае як цяпер. Тады ён спёк і прапаноўваў пакупнікам 30 булачак і 30 боханаў хлеба.

– Я хваляваўся, што не будзе попыту, але людзі бралі, – адзначае пекар. – Цяпер у мяне ўжо ёсць пастаянныя пакупнікі. Пакуль еду на хлебамабілі ў цэнтр, мяне спыняюць і бяруць хлеб, таму загружаю сваю каляску заўсёды з запасам. Прыязджаюць нават латышы, якія палююць за экапрадуктамі, бяруць па 20 боханаў сабе і сваім знаёмым, родным.

Вядома, на попыт на прадукцыю ўплываюць многія фактары: надвор'е, дзень тыдня, але ўсё ж працаваць з прыбыткам у Уладзіміра атрымліваецца. Цяпер малады пекар з Браслава марыць знайсці памяшканне пад уласную пякарню, каб пашырыць асартымент.

"Віцьбічы".