Спявалі і голасам, і сэрцам. У Віцебску прайшла акцыя «Заспяваем песні Перамогі разам»
Каля Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны адбылася раённая акцыя «Заспяваем песні Перамогі разам».
Каб праспяваць песні ваенных гадоў, якія адлюстроўваюць падзеі таго часу, распавядаюць пра пачуцці салдат і подзвігі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на Плошчы Перамогі сабраліся кіраўніцтва вобласці, горада, адміністрацыя, прадпрыемствы, установы адукацыі, грамадскія арганізацыі Кастрычніцкага раёна і жыхары Віцебска.
Дружным хорам удзельнікі акцыі выканалі фрагменты такіх вядомых песень, як «Свяшчэнная вайна», «Ад герояў былых часоў», «Цёмная ноч», «Кацюша», «10-ы батальён», «Смуглянка», «Майскі вальс» і «Дзень Перамогі».
Рэпертуар быў выбраны не выпадкова, як адзначыў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Юрый Панфілаў, песні размешчаны ў храналагічным парадку і распавядаюць пра тое, што адбывалася з 1941 па 1945 гады.
– Вялікая Айчынная вайна працягвалася 1418 дзён, таму першапачаткова мы планавалі запрасіць такую ж колькасць удзельнікаў, аднак жадаючых аказалася значна больш, і мы не змаглі нікому адмовіць, – распавёў Юрый Панфілаў. – Вялікі ўклад у стварэнне акцыі ўнёс кіраўнік узорнага эстраднага ансамбля «Ветразь» Віцебскай гімназіі № 3 Уладзімір Карпушонак, а таксама мы ўдзячныя Цэнтру культуры «Віцебск», абласной філармоніі, музычным школам і іншым установам культуры, якія дапамаглі ўвасобіць нашу ідэю ў рэальнасць, бо менавіта яны дапамаглі нам стварыць рэпертуар і канцэпцыю вялікага хору.
Як адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі – старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў, знаходзячыся сярод спяваючых калектываў і выконваючы песні ваенных гадоў, ён адчуў еднасць беларусаў, гордасць за краіну, яе герояў і радасць, што сёння мы знаходзімся пад мірным небам.
– У мяне прабеглі мурашкі, калі «Свяшчэнную вайну» пачало спяваць дзіця, пасля чаго да тонкага дзіцячага голасу далучыліся іншыя хоры, а выконваючы апошнюю песню «Дзень Перамогі», зразумеў, што ўсе творы праніклі ў сэрца і душу кожнага з нас, – расказаў Мікалай Арлоў. – Сёння ў гэтым знакавым і святым для Віцебска месцы, напярэдадні Дня Перамогі сабраліся людзі розных пакаленняў, гэта сведчыць аб тым, што мы працягваем захоўваць памяць аб вайне і яе героях і перадаём яе моладзі.
У завяршэнне мерапрыемства ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.