Пенсіянерка атрымала сур'ёзныя траўмы пры выбуху газу ва ўласным доме ў Гарадку
8 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сур'ёзныя траўмы атрымала пажылая жыхарка Гарадка Віцебскай вобласці пры пажары ў уласным доме, які ўзнік з-за выбуху газу. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Паведамленне аб здарэнні ў прыватным доме паступіла ўночы 5 лістапада ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях ад мясцовай жыхаркі, якая пражывае па суседстве. Эпіцэнтр пажару знаходзіўся ў кухнявым памяшканні будынка. Адначасова з ліквідацыяй узгарання ратавальнікі аказалі дапамогу пацярпелай гаспадыні дома, 1930 года нараджэння. Жанчына ў цяжкім стане з апёкамі твару, спіны, рук рознай ступені цяжкасці шпіталізавана ў цэнтральную раённую бальніцу.
Прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі газавай прылады. Як устаноўлена, напярэдадні ўвечары пажылая жанчына, прыгатаваўшы вячэру, пакінула адкрытым вентыль газавай пліты. Уночы яна прачнулася ад паху газу і вырашыла праверыць наяўнасць уцечкі з дапамогай адкрытага агню. Гэта прывяло да выбуху з наступным гараннем.
У выніку пажару пашкоджаны сцены, столь і часткова маёмасць на кухні жылога дома.-0-