Пералік тавараў для льготнага спажывецкага крэдытавання зацверджаны ў Беларусі
6 жніўня, Мінск /Мілена Ануфрыенок - БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў пералік тавараў, для набыцця якіх малазабяспечаным грамадзянам прадастаўляюцца льготныя крэдыты. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №1010, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна. Дакумент прыняты ў мэтах рэалізацыі ўказа №371 "Аб льготным спажывецкім крэдытаванні" ад 6 ліпеня 2009 года.
Пералік тавараў, пры пакупцы якіх малазабяспечаныя грамадзяне змогуць выкарыстоўваць льготныя крэдыты, уключае шырокі асартымент прадукцыі айчыннай вытворчасці. У прыватнасці, гэта бытавая тэхніка: тэлевізары, DVD-прайгравальнікі вытворчасці ААТ "Гарызонт" і РУПП "Віцязь", пыласосы і мікрахвалевыя печы ("Гарызонт", СААА "Мідеа-Гарызонт", "Віцязь"), маніторы (НВА "Інтэграл" і "Гарызонт"), халадзільнікі і маразільнікі (ЗАТ "Атлант"), электра- і газавыя пліты (адкрытыя акцыянерныя таварыствы СП "Брэстгазаапарат", "Брэсцкі радыётэхнічны завод", "Электроаппаратура" (Гомель), РУП "Гомельскі радыёзавод ім.60-годдзя СССР"). Па льготным крэдыце можна набыць таксама пральныя машыны (ЗАТ "Атлант", ААТ "Мінскі завод "Термопласт", РУП "Гомельскі станкабудаўнічы завод ім.С.М.Кірава"), кухонныя машыны (адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Мінскі завод "Термопласт", "Мінскі прыборабудаўнічы завод", "Торгмаш" (г.Баранавічы), "Экран" (г.Барысаў). У пералік уключаны таксама ацяпляльныя катлы і электраводанагравальнікі беларускай вытворчасці.
Льготнае крэдытаванне прадугледжана і пры рэалізацыі дываноў і дывановай прадукцыі, якія выпускаюцца адкрытымі акцыянернымі таварыствамі "Віцебскія дываны" і "Дываны Брэста", а таксама мэблі айчыннай вытворчасці, дрэваапрацоўчых станкоў.
Акрамя таго, малазабяспечаныя грамадзяне змогуць выкарыстоўваць льготныя крэдыты пры пакупцы тэхнікі: міні-трактароў вытворчасці Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў і Смаргонскага агрэгатнага завода, мопедаў і матацыклаў (ААТ "Мотавела"), мотаблокаў (РУП "Смаргонскі агрэгатны завод"), прычэпаў (ТАА "Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў "Маз-Купава", ААТ "Бабруйскаграмаш", ААТ "Бабруйсксельмаш", ААТ "Спецаўтатэхніка" (г.Бабруйск), РУП "Смаргонскі агрэгатны завод", РУПП "Беларускі аўтамабільны завод").
У адпаведнасці з указам №371 "Аб льготным спажывецкім крэдытаванні" малазабяспечаным грамадзянам у Беларусі ў 2009-2010 гадах будуць прадастаўляцца крэдыты тэрмінам да трох гадоў з выплатай 10% гадавых на спажывецкія патрэбы для набыцця нехарчовых груп тавараў доўгатэрміновага выкарыстання. Функцыі па выдачы такіх крэдытаў ускладаюцца на Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Белінвестбанк і Белпрамбудбанк. Права на атрыманне льготных спажывецкіх крэдытаў будуць мець грамадзяне, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям'і, разлічаны за тры месяцы, што папярэднічаюць месяцу заключэння крэдытнага дагавора, не перавышае трохразовага сярэднямесячнага сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек (у цяперашні час Br1163,8 тыс.).-0-