Пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг у Беларусі скарочаны
19 красавіка, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг у Беларусі скарочаны і ўдакладнены. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фомін, каментуючы пастанову Саўміна №495, якой зацверджаны пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Ігар Фомін, у пераліку сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, засталося 14 таварных пазіцый. "Гэты пералік значна скарочаны ў параўнанні з раней дзеючым, рэгуляванне засталося на асноўныя віды тавараў: хлеб, мяса, малако, муку, крупы, яйкі і шэраг іншых тавараў", - сказаў дырэктар дэпартамента.
У новы пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца, унесены цукар вагавы і фафаваны. Не будуць рэгулявацца цэны на іншыя віды цукру - прэсаваны, у кусках, з дадаткам розных смакавых дабавак. Цэны на гэтыя віды цукру будзе ўстанаўліваць сам вытворца з улікам кан'юнктуры рынку.
Таксама адбыліся змяненні ў пераліках сацыяльна значных паслуг. Сюды ўнесены паслугі дзіцячых аздараўленчых лагераў. Цяпер яны будуць рэгулявацца, каб забяспечыць аздараўленне дзяцей. Таксама ўпарадкаваны паслугі лазняў. У новай рэдакцыі не будуць рэгулявацца паслугі лазняў класа люкс.
Удакладнены рэдакцыі і шэрагу іншых відаў паслуг, у прыватнасці, рытуальных.
Пералік платных медыцынскіх паслуг скарочаны да 5 пазіцый. Але пры гэтым ёсць гарантаваны аб'ём платных медуслуг, якія забяспечваюць дзяржаўныя медыцынскія ўстановы. Рэгулявацца будуць такія платныя медыцынскія паслугі, якія насельніцтва ў добраахвотным парадку жадае атрымаць. Гэта стаматалагічныя, дыягнастычныя паслугі, кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў, акрамя замежных, а таксама прафілактычныя і абавязковыя медагляды грамадзян, медыцынскае асведчанне. -0-