Перад мясцовымі ўладамі Віцебшчыны пастаўлена задача эканоміі рэсурсаў і аптымізацыі бюджэтных выдаткаў

Эканомія рэсурсаў, рацыянальная аптымізацыя бюджэтных выдаткаў з'яўляюцца найважнейшымі задачамі для мясцовых улад Віцебшчыны ва ўмовах дэфіцыту фінансавых сродкаў, які на канец года складзе, па ацэнцы спецыялістаў, каля 100 млн рублёў. Дадзеныя пытанні неабходна вырашаць як для паспяховага завяршэння 2017-га, так і пры планаванні дзейнасці рэгіёнаў на будучы год.

Пра гэта ішла размова падчас нядаўняга пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, дзе аналізавалася праца рэгіёнаў па прыцягненні даходаў і павышэнні эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў. Як паведаміў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Генадзь Грэбнеў, гадавы план паступлення ўласных даходаў бюджэту вобласці па дадзеных на 1 лістапада выкананы на 77% (амаль 1 млрд руб.), па гэтым паказчыку Віцебшчына сярод адстаючых у краіне.

Разам з тым эфектыўнасць і якасць напаўнення бюджэту напрамую залежаць ад працы рэальнага сектара эканомікі, своечасовага выканання падатковых абавязацельстваў.

Гэта – зона адказнасці мясцовых улад. Напрыклад, калі ліквідаваць запазычанасць па плацяжах у бюджэт, забяспечыць рэнтабельную працу прадпрыемстваў (у тым ліку запусціць арганізацыі, якія зарэгістраваны, але не ажыццяўляюць дзейнасць), нарошчваць узровень заработнай платы, то можна атрымаць дадатковы даход каля 50 млн рублёў за год, адзначыў начальнік інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч.

Для падтрымання бюджэтнай устойлівасці вызначальнае значэнне мае ўмацаванне ўласнай даходнай базы казны. І тут неабходна працаваць па некалькіх напрамках.

Нарасціць рэсурсную базу

Па словах Генадзя Грэбнева, адным з галоўных параметраў развіцця рэгіёна з'яўляецца рост заработнай платы на аснове апярэджваючага прыросту прадукцыйнасці працы. Тут Віцебшчына не дацягвае да прагнозных паказчыкаў. Акрамя таго, актуальным пытаннем застаецца стварэнне новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў. Ёсць рэгіёны, дзе гадавое заданне ўжо выканана. Аднак важна не толькі зарэгістраваць суб'ект гаспадарання і набраць персанал, але і забяспечыць яго эфектыўную працу.

– У гэтым аспекце звяртаю ўвагу на пакет дакументаў, накіраваных на паляпшэнне бізнес-клімату і павышэнне дзелавой актыўнасці ў краіне, ключавым з якіх з'яўляецца Дэкрэт №7, што кардынальна змяняе механізм узаемадзеяння дзяржорганаў і бізнесу, – адзначыў Генадзь Іванавіч. – Ён накіраваны на мабілізацыю ўнутраных рэсурсаў для росту эканомікі, максімальнага ўцягвання працаздольнага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць. Каб не ўпусціць прадастаўленыя магчымасці, прапаную старшыням мясцовых Саветаў выступіць каардынатарамі работы па тлумачэнні і папулярызацыі норм гэтых дакументаў.

Старшыні мясцовых Саветаў дэпутатаў павінны выступіць каардынатарамі работы па тлумачэнні і папулярызацыі Дэкрэта №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і нарматыўных актаў, накіраваных на паляпшэнне бізнес-клімату і павышэнне дзелавой актыўнасці ў краіне.

Мясцовым уладам таксама трэба павысіць якасць арганізацыі работы па прыцягненні непадатковых даходаў, у прыватнасці, лепш збіраць плату за арэнду камунальнай маёмасці, у тым ліку рыбалоўных і паляўнічых угоддзяў. Гадавое заданне па продажы зямлі пад жыллё выканана ўсяго на 26%, пры гэтым у шэрагу раёнаў не рэалізавана ні адзін участак. Генадзь Грэбнеў запатрабаваў вывесці дзейнасць па гэтым напрамку на якасна новы ўзровень, не проста аб'яўляць аўкцыёны, а прасоўваць інфармацыю аб прывабных магчымасцях тэрыторый з выкарыстаннем даступных маркетынгавых інструментаў.

ПАВЫСІЦЬ ФІНАНСАВУЮ ДЫСЦЫПЛІНУ

Як паведаміў Валерый Лабацэвіч, у мерапрыемствах па бюджэтнай кансалідацыі не менш важна надаць увагу вырашэнню праблем стратнасці і ліквідацыі запазычанасці прадпрыемстваў па падатках.


Толькі плацельшчыкі Лепельскага і Дубровенскага раёнаў не дапусцілі запазычанасці па падаходным падатку.


Па дадзеных ІМПЗ, каля 900 суб'ектаў гаспадарання спрацавалі з адмоўным фінансавым вынікам. Улічваючы, што зніжэнне прыбытку і стратнасць не заўсёды аб'ектыўныя, падатковыя органы праводзяць работу па кожным плацельшчыку, які дапусціў скарачэнне выплаты падаткаў.

 У выніку кантрольных мерапрыемстваў у кожнай трэцяй такой арганізацыі выведзена прыбытак або паменшана сума страт, усяго з пачатку года даналічана каля 200 тыс. руб. падаткаў.

Пры гэтым нямала выпадкаў, калі страты дэкларуюцца ў невялікіх памерах, што сведчыць аб нежаданні плаціць падаткі альбо аб нізкай кампетэнцыі бухгалтарскіх службаў, якія не выкарыстоўваюць заканадаўчыя магчымасці для выключэння адмоўнага фінансавага выніку.

Каля трэці даходаў мясцовага бюджэту фарміруе падаходны падатак. Пры гэтым чвэрць плацельшчыкаў знізіла плацяжы па гэтай даходнай крыніцы, яшчэ больш за 80 прадпрыемстваў запазычылі казне 2,7 млн руб. У выніку па выніках года бюджэт можа недалічыцца больш за 40 млн руб. падаходнага падатку.

Асноўнай прычынай зніжэння яго паступленняў з'яўляецца адсутнасць задэклараванага росту заработнай платы. Больш таго, у бягучым годзе падаткавікі выявілі каля 500 арганізацый, якія дзейнасць ажыццяўлялі, а зарплату работнікам не налічвалі. Такія суб'екты павінны быць на прафілактычным уліку мясцовых улад, лічыць Валерый Лабацэвіч.

Значную ролю ў фарміраванні бюджэту адыгрываюць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Сёння на Віцебшчыне зарэгістравана амаль 30 тыс. такіх суб'ектаў. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць скарацілася прыкладна на 1,4 тыс., а аб'ём паступленняў у бюджэт склаў 20 млн руб. і знізіўся ў 1,4 раза, прычым зніжэнне адбылося ў 12 раёнах, у тым ліку ў найбольш значных сумах – ад плацельшчыкаў Аршанскага раёна і Наваполацка.

– Калі б удалося аднавіць «выпаўшыя» 1,4 тыс. суб'ектаў прадпрымальніцтва, то не так востра стаялі б пытанні з мясцовымі бюджэтамі, бо менавіта гэтая катэгорыя практычна ўсе плацяжы ажыццяўляе ў мясцовую казну, – падкрэсліў Валерый Лобацевіч.   

Ва ўмовах, што склаліся, дзяржаўныя рэсурсы павінны расходавацца рацыянальна, з максімальнай эфектыўнасцю ў межах планавых асігнаванняў. Для паспяховага завяршэння фінансавага года неабходна правесці балансіроўку мясцовых бюджэтаў па даходах і расходах, а ўсім удзельнікам бюджэтнага працэсу – адказна ставіцца да рэсурсаў і захоўваць строгую фінансавую дысцыпліну.

"Віцебскія весці". Фота з архіва газеты.