Перадавыя школьныя музеі краіны прадстаўляюць свой вопыт праектнай дзейнасці ў Віцебску

Перадавыя музеі ўстаноў адукацыі Беларусі прадстаўляюць свой вопыт даследчай і праектнай дзейнасці на рэспубліканскім семінары, які праходзіць у Віцебску 7-8 снежня.

Падобныя мерапрыемствы праводзяцца штогод у розных рэгіёнах краіны з мэтай абмену вопытам, і тэматыка сустрэч кожны раз адрозніваецца. Сёлета гасцей - каля 50 кіраўнікоў лепшых музеяў устаноў адукацыі краіны - прымае ў сябе Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Тэмай семінара з'яўляецца "Музей установы адукацыі - цэнтр актывізацыі пошукавай, даследчай і праектнай краязнаўчай дзейнасці".

"Цяпер ва ўстановах адукацыі 1,5 тыс. музеяў. Новыя таксама ствараюцца, самага рознага профілю, часам з-за закрыцця ўстаноў адукацыі іх музеі папаўняюць экспазіцыі іншых. Затое ў выніку паляпшаецца якасць экспазіцый, разнастайнасць. Наша мэта не стварыць музей у кожнай школе, а стварыць музей, які будзе працаваць, уцягваць вучняў у займальную дзейнасць і быць прывабным для гасцей. У кожнага ёсць цікавыя напрацоўкі. У гэты раз на семінары акцэнт зроблены на пошукавай, даследчай і праектнай дзейнасці. Будуць прадстаўлены новыя формы працы, напрыклад, праз сумесныя праекты з праваслаўнай царквой ці рознымі ведамствамі. Інтэрактыўныя праекты, з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій", - патлумачыла загадчыца аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Міністэрства адукацыі Беларусі Аляксандра Кравец.

Яна адзначыла, што будуць закрануты і праблемы музеяў устаноў адукацыі (цяпер яны ўсе без выключэння з'яўляюцца дзяржаўнымі): недахоп сродкаў на ўтрыманне і рэканструкцыю, адсутнасць спецыяльнай адукацыі ў кіраўнікоў музеяў. Таксама ўдзельнікі пагаваряць аб перспектывах развіцця электроннага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, які цяпер ствараецца па ініцыятыве Міністэрства культуры, каб сабраць даныя аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, што ўтрымліваюцца ва ўсіх музеях краіны.

Акрамя таго, па праграме семінара яго

удзельнікі наведаюць два гісторыка-краязнаўчыя музеі ў Віцебскім раёне - Вымнянскага дзіцячага сада - сярэдняй школы і Заронаўскага дзіцячага сада "Гісторыя Заронаўскага краю"; музей Віцебскага дзяржуніверсітэта ім. П. Машэрава, а таксама яслі-сад №111 Віцебска, дзе працуе музейны комплекс "Горад дзяцінства". "Школьныя музеі Віцебскай вобласці вядомыя і за межамі рэгіёна. Таму што галоўны вынік іх працы - гэта дзеці, якія потым удзельнічаюць у конкурсах краязнаўства і перамагаюць. Ды і самі музеі - гэта вынік вялікай даследчай работы, экспедыцый, пошукаў, апрацоўкі матэрыялаў, у тым ліку з удзелам навучэнцаў. Яны сапраўды з'яўляюцца цэнтрамі выхаваўчай работы, а нямала і прафарыентацыі", - адзначыла Аляксандра Кравец. Арганізатарамі семінара выступаюць Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласны палац дзяцей і моладзі, Віцебскі райвыканкам.

Кацярына Князева – БЕЛТА. Фота з адкрытых крыніц.