Перасоўная выстава «Дарогамі вайны» пройдзе па гарадах Віцебскай і Смаленскай абласцей
Гэта трэці аўтапрабег у межах аднайменнага праекта, які рэалізуецца Смаленскім рэгіянальным грамадскім рухам «Зямлякі» сумесна з беларускімі партнёрамі. Праграма, пачатая ў 2015-м і запланаваная да 2020 года, накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і асвету, захаванне гістарычнай памяці пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Геаграфія праекта ахоплівае рэгіёны Расіі і Беларусі, якія прынялі на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў у першы год вайны. Цяпер там устаноўлены помнікі, размешчаны воінскія мемарыялы, мясцовыя музеі захоўваюць сведчанні подзвігу салдат Чырвонай Арміі і мірнага насельніцтва.
– Сабраныя ў рамках двух аўтапрабегаў матэрыялы ляглі ў аснову экспазіцыі, якую для нагляднасці вырашылі аформіць у выглядзе мабільнай выставы. Задумку ўдалося рэалізаваць пры фінансавай падтрымцы расійскага Фонду прэзідэнцкіх грантаў, – распавёў старшыня Смаленскага грамадскага руху «Зямлякі» Станіслаў Кашырын.
Маршрут аўтапрабегу 2018 года ўключае Віцебск, Оршу, Глыбокае, Гарадок, Ліёзна, Дуброўна, Полацк, Шуміліна, а таксама частку расійскіх гарадоў. Па яго заканчэнні да чэрвеня 2019 года выстава будзе экспанавацца ў музеях і школах Смаленскай і Віцебскай абласцей, паведаміў Станіслаў Мікалаевіч.