Перамовы Беларусі з Расіяй аб выдзяленні крэдыту ўвайшлі ў актыўную фазу

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перамовы Беларусі з Расіяй аб выдзяленні стабілізацыйнага крэдыту ўступілі ў актыўную фазу, паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Мікалай Лузгін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У цяперашні час праходзяць кансультацыі Беларусі і Расіі, яны ўступілі ў актыўную фазу", - распавёў Мікалай Лузгін. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні эксперты вялі перамовы ў Расіі. Цяпер ідзе абмен інфармацыяй, параўнанне пазіцый, абмеркаванне прагнозаў развіцця беларускай эканомікі. "На гэтым тыдні эксперты зноў выязджаюць у Маскву, а ў пятніцу плануецца працягнуць сустрэчу на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў ключавых міністэрстваў Беларусі і Расіі", - дадаў ён. Першы намеснік кіраўніка Нацбанка нагадаў, што Расія як краіна - асноўны донар антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС выказала гатоўнасць садзейнічаць выдзяленню стабілізацыйнага крэдыту Беларусі праз гэты антыкрызісны фонд. У цяперашні час расійскі бок аказвае падтрымку Беларусі ў падрыхтоўцы праграмы рэформ беларускай эканомікі. "Гэтая праграма мер павінна на базе структурнай перабудовы беларускай эканомікі вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю", - сказаў ён. У комплексе з прадастаўленнем фінансавых сродкаў з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС гэта дапаможа стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку. Мікалай Лузгін падкрэсліў, што адной са стратэгічных мэт Беларусі з'яўляецца захаванне і павелічэнне золатавалютных рэзерваў.-0-