Кіраўнік вобласці рэкамендаваў прадпрыемствам рэгіёну, якія адстаюць, пераймаць перадавы вопыт і нестандартныя падыходы

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў абмеркаваў сітуацыю ў галіне з дырэктарамі прамысловых прадпрыемстваў Віцебшчыны.


На пачатку сустрэчы, якая адбылася ў будынку ПРУП «Віцебскаблгаз», Мікалай Мікалаевіч заклікаў прысутных да адкрытага дыялогу і паабяцаў давесці да ведама кіраўніцтва краіны прапановы, якія паступілі ад прамыслоўцаў, па паляпшэнні работы.

— Усе нашы намаганні павінны быць накіраваны на вывучэнне і аптымізацыю эканамічных аспектаў дзейнасці. Ад гэтага залежаць фарміраванне бюджэту і ўзровень зарплаты рабочых, — сказаў Мікалай Шарснёў. — Ваша фінансавая паспяховасць дазваляе дзяржаве выдзяляць больш сродкаў на ахову здароўя і адукацыю.

Па словах Мікалая Мікалаевіча, у прамысловай сферы Віцебшчыны не ўсё гладка: маюць месца халатнасць і ўпушчэнні, недабіраюцца аб'ёмы вытворчасці. Аднак ёсць маса станоўчых прыкладаў, і тым, хто сёння знаходзіцца ў ліку адстаючых, неабходна пераймаць перадавы вопыт, праяўляць ініцыятыву і нестандартныя падыходы.

— Калі ў кагосьці з дырэктараў не атрымліваецца вырашаць узнікаючыя праблемы, ім трэба знайсці мужнасць і саступіць стырно кіравання іншаму чалавеку, — лічыць Мікалай Мікалаевіч. — Бо ад іх дзеянняў залежаць лёс сотняў работнікаў і напаўняльнасць абласной казны.

Сёння неабходна вучыцца эканоміць: Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка пастаўлена задача — скараціць выдаткі на 25%, у тым ліку ў сацыяльнай сферы. Кожнаму кіраўніку варта прааналізаваць вытворчыя працэсы, і магчымасці для зніжэння сабекошту прадукцыі абавязкова знойдуцца.

— Хадзіць з працягнутай рукой — гэта не варыянт. Па-першае, павінна быць сорамна, а па-другое, ніхто вам не дапаможа, акрамя вас саміх, — упэўнены Мікалай Шарснёў. — Знайдзіце спосаб скараціць выдаткі, і ў вас з'явяцца свабодныя грошы, якія можна ўкласці ў мадэрнізацыю і развіццё.

У ходзе пасяджэння сваімі поспехамі і

напрацоўкамі з калегамі падзяліліся кіраўнікі «Маналіта», ВЗЭП, «Палімерканструкцыі» і «Энергакамплекта». Кожнае з гэтых прадпрыемстваў у крызіс адчувала пэўныя цяжкасці, тым не менш яны здолелі захаваць і нарасціць тэмп вытворчасці. Таксама на нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай тэрытарыяльна-прамысловай палаты, мытні, падатковых органаў і саюза наймальнікаў. Кіраўнікі прадпрыемстваў маглі задаць цікавыя пытанні кваліфікаваным спецыялістам.

Дарэчы

На долю прамысловага комплексу вобласці прыходзіцца траціна валавога рэгіянальнага прадукту. У бягучым годзе справы ў галіне складаюцца не лепшым чынам: за студзень – ліпень індэкс прамысловай вытворчасці склаў 96,9% ад аналагічнага перыяду 2015-га.

Эдуард Каралевіч. Фота Антона Сцяпанішчава, з архіва «Віцебскіх вестак».