Пераацэнка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны недапушчальная - А.Косінец

9 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Пераацэнка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны недапушчальная, падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 65-годдзю Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сапраўдныя пераможцы фашызму - нашы ветэраны. Гэта ў іх на грудзях медалі "За вызваленне Варшавы", "За вызваленне Бялграда", "За ўзяцце Будапешта", "За ўзяцце Берліна", - сказаў губернатар. Дата 9 мая 1945 года ўвайшла ў сусветную гісторыю і мае велізарнае значэнне для дзясяткаў краін і народаў. Для нашай дзяржавы яна азначае свабоду і незалежнасць. Перамога далася нялёгка. Толькі на Віцебшчыне ў гады вайны загінуў кожны трэці яе жыхар, таму пара зразумець, што у сучасным свеце не павінна быць месца войнам, тэрарызму і экстрэмізму, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Святочны мітынг, парад войскаў Віцебскага гарнізона і шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў у гонар 9 Мая прайшлі ў Віцебску на плошчы Перамогі. Адкрылі яго баявыя машыны пяхоты, на якіх знаменосцы везлі дакладную копію Сцяга Перамогі і штандарты франтоў, што вызвалялі Віцебшчыну - Першага Прыбалтыйскага, Другога і Трэцяга Беларускага. А следам за Сцягам і штандартамі на адкрытых аўтамабілях ехалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Каля 40 тыс. гараджан прыйшлі на плошчу, каб прывітаць выжылых герояў вайны, аддаць даніну памяці загінулым і прыняць удзел ва ўрачыстасцях.-0-