Перапакаванне непрыдатных пестыцыдаў са складаў Віцебскай вобласці ў еўра-тару завершыцца ў 2011 годзе
12 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Перапакаванне непрыдатных пестыцыдаў са складаў райаграсэрвісаў і сельгасарганізацый Віцебскай вобласці ў еўра-тару завершыцца сёлета. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Па стане на 1 студзеня 2011 года, на складах у Віцебскай вобласці знаходзіцца 495 т непрыдатных пестыцыдаў. Іх перапакаванне ў еўра-тару, якая забяспечвае надзейнасць захаванасці рэчываў і адпавядае еўрапейскім стандартам, вядзецца з 2007 года. За гэты час быў перапакаваны асноўны аб'ём. Завяршальны этап перапакавання апошніх 100 т непрыдатных пестыцыдаў, якія знаходзяцца на складах райаграсэрвісаў і сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна, пачаўся ў чэрвені ў межах рэалізацыі міжнароднага экалагічнага праекта.
Для яго правядзення Глабальным экалагічным фондам было пастаўлена 1,4 тыс. адзінак спецыяльнай тары для перапакавання, індывідуальныя сродкі абароны, праведзена вучэбна-практычная перапакоўка часткі пестыцыдаў. Да гэтага часу ўжо перапакавана ў еўра-тару больш за 90 т у Талачынскім, Мёрскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Лёзненскім і іншых раёнах вобласці. Поўнасцю завяршыць гэту працу плануецца да канца гэтага года.
На рэалізацыю мерапрыемстваў па перапакаванні непрыдатных пестыцыдаў з абласнога фонду аховы прыроды сёлета выдзелена Br150 млн.
Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці ёсць тры падземныя пахаванні непрыдатных пестыцыдаў: Пастаўскае (99 т), Верхнядзвінскае (454,5 т) і Гарадоцкае (411,4 т). На кожным з гэтых трох аб'ектаў праведзены першачарговыя мерапрыемствы па павышэнні іх бяспекі: пахаванні агароджаны і абвалаваны, устаноўлены папераджальныя аншлагі, абсталяваны назіральныя свідравіны. Таксама ў 2010-2011 гадах пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду праведзены дадатковыя мерапрыемствы на Верхнядзвінскім пахаванні. Тут праведзены абарона ўсёй паверхні сховішча ад паверхневых вод двума пластамі поліэтыленавай плёнкі, адсыпка паверхні пластом пяску вышынёй да 0,7 м, абвалаванне па ўсім перыметры, устаноўлены агароджы і аншлаг. На рэалізацыю праекта асвоена $44 тыс. са сродкаў Глабальнага экалагічнага фонду, Br70 млн. - Мінпрыроды і каля Br30 млн. - ААТ "Верхнядзвінскі райаграсэрвіс".-0-