Перакладчыкі рыхтуюцца да «Славянскага базару»: адны вучаць біяграфіі спевакоў, іншыя збіраюць аптэчкі
1 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Перакладчык госці XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" нямецкай поп-дзівы Сары Коннор вывучае творчую біяграфію спявачкі, а перакладчык удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" збірае аптэчку. Такія сакрэты падрыхтоўкі да фестывалю ўдалося даведацца карэспандэнту БЕЛТА ў міжнародным аддзеле дырэкцыі "Славянскага базару".
Абавязковай умовай для тых, хто будзе дапамагаць мець зносіны замежным зоркам, з'яўляецца цудоўнае валоданне мовай, добразычлівасць і веданне творчасці свайго падапечнага. Таму перакладчыку Сары Коннор давядзецца даведацца і пра сінгл From Sarah with love, які прынёс ёй папулярнасць, і пра тое, што яна спявала ў царкоўным хоры, і пра тое, што была знаёмая з Майклам Джэксанам.
Перакладчыкам маладых конкурсантаў, можа быць, будзе крыху прасцей вывучыць іх невялікую пакуль што творчую біяграфію, затое іншых клопатаў у іх будзе нямала. Бо перакладчык - гэта не толькі памочнік у моўных зносінах, гэта гіда і нават "няня" ў адной асобе, растлумачылі ў аддзеле дырэкцыі фестывалю. Адных артыстаў трэба тактоўна ўтрымаць ад паходу на начную дыскатэку, а іншым тэрмінова забінтаваць парэзаны палец ці памераць тэмпературу - для гэтага і збіраюць перакладчыкі маладых конкурсантаў аптэчку.
У міжнародным аддзеле фестывалю сёлета будуць працаваць 15 філолагаў са знаннем нямецкай, англійскай, польскай, македонскай моў. Усе яны маюць вышэйшую адукацыю, сярод іх выкладчыкі ВНУ, прафесійныя перакладчыкі. Акрамя таго, створана база даных тых, хто валодае замежнымі мовамі і хацеў бы аказаць дапамогу гасцям фестывалю ў зносінах.-0-