Перапахаванне астанкаў 26 савецкіх воінаў пройдзе 1 ліпеня ў Бешанковічах
30 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цырымонія перапахавання астанкаў 26 байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пройдзе 1 ліпеня ў Бешанковічах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама. У мерапрыемстве возьмуць удзел сваякі аднаго з воінаў, асобу якога ўдалося ўстанавіць.
Астанкі былі знойдзены вайскоўцамі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна падчас палявых работ у розных месцах на тэрыторыі раёна. Частку астанкаў знайшла жыхарка вёскі Чанавічы Тамара Яскевіч падчас работы на прысядзібным участку, пра што і паведаміла ў кампетэнтныя органы. Пасля на гэтым месцы пошукавікі паднялі на паверхню астанкі 6 воінаў, адкапалі элементы абмундзіравання і адзін медальён. Па ўкладышы медальёна ўдалося высветліць, што ў тым месцы загінуў ураджэнец Гарадзішчанскага раёна Пензенскай вобласці Усман Нурын 1908 года нараджэння. Спецыяльна на цырымонію перапахавання прыедуць яго сын і ўнукі, якія і сёння пражываюць у Пензенскай вобласці.
Загінулыя воіны будуць перапахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі раённага цэнтра.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ішлі жорсткія баі летам 1941 года і падчас аперацыі "Баграціён" у 1944 годзе. Усяго ў бітвах на Бешанковіцкай зямлі загінула каля 2 тыс. савецкіх воінаў, хоць, як адзначаюць мясцовыя краязнаўцы, гэта не канчатковыя даныя. За фарсіраванне ракі Заходняя Дзвіна на ўчастку ў Бешанковіцкім раёне, утрыманне і пашырэнне плацдарма для наступлення ў аперацыі "Баграціён" 150 вайскоўцаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, з якіх 25 чалавек пахаваны ў брацкіх магілах на тэрыторыі раёна.-0-