Перапахаванне астанкаў загінуўшых воінаў пройдзе 22 чэрвеня ў Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах
21 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цырымоніі резахавання астанкаў загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі і байцоў партызанскіх атрадаў пройдуць 22 чэрвеня ў Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкама.
У Шумілінскім раёне будуць пахаваны астанкі 8 чалавек, якія былі выяўленыя пры правядзенні земляных работ у розных месцах рэгіёна. Цырымонія адбудзецца ў аграгарадку Кордон. Перапахаванне будзе праведзена ў мемарыяльнае воінскае пахаванне, дзе ўжо спачываюць больш за 200 загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Астанкі пяці чалавек будуць перапахаваны ў Верхнядзвінскім раёне. Цырымонія пройдзе ў аграгарадку Сар'я, на тэрыторыі якога размешчана воінскае пахаванне. Астанкі загінуўшых былі выяўленыя мясцовымі жыхарамі падчас земляных работ, у тым ліку знойдзены 5 эбанітавых медальёнаў, якія, верагодна, належалі загінуўшым. На жаль, дакладныя звесткі аб іх уладальніках усталяваць пакуль не ўдалося з-за таго, што змесціва медальёнаў практычна цалкам зотлела. Тым не менш, праца па аднаўленні звестак аб загінуўшых будзе працягвацца.
Перапахаванні стануць часткай мемарыяльных мерапрыемстваў з нагоды 70-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якія пройдуць 22 чэрвеня ва ўсіх раёнах вобласці. Так, у Глыбокім адбудзецца адкрыццё памятнага знака кіраўніку Глыбокскай падпольнай групы Юрыю Сабалеўскаму. У цырымоніі плануе прыняць удзел сын гераічнага падпольшчыка. Таксама ў гэты дзень будзе адкрыты помнік загінуўшым землякам у вёсцы Прыпернае Глыбоцкага раёна.
У Віцебску адбудзецца ўскладанне вянкоў і мітынг на мемарыяле Героям Айчыннай вайны ў раёне Успенскай горкі. Увечары 21 чэрвеня Абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова запрашае ўсіх жыхароў і гасцей горада на тэатралізаваны вечар-рэквіем. У аснову падрыхтаванай праграмы закладзена ідэя паказаць мірнае жыццё Віцебска за дзень да пачатку вайны, якая рэзка абарвалася 22 чэрвеня, і прадэманстраваць будні акупаванага горада. Аднаўляць хроніку таго часу будуць члены віцебскага аддзялення клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Таварышы па зброі" і студэнцкі клуб "Краязнаўца" Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава пры падтрымцы мастацкіх калектываў горада. Падзеі будуць разгортвацца ў паркавай зоне музея на алеі партызанскай славы, якая выканана ў выглядзе экспазіцыйнай рэкрэацыі пад адкрытым небам. Важным эмацыйным складнікам рэканструкцыі стане дэманстрацыя дакументальнай хронікі таго перыяду. Наведвальнікі змогуць пачытаць газеты за 21 чэрвеня 1941 года. У адным з залаў музея адкрыецца выстава трафейных прадметаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны з фондаў музея і прыватных калекцый.-0-